"Абед у замку, і дужа многа гасцей меў я. Пасля абеду адбылася карусель...", - некалі запісаў у сваім дзённіку Міхал Радзівіл Рыбанька. Радзівілы лічылі, што вядуць свой род ад рымлянаў, а тыя, як вядома, любілі відовішчы і святы.
Ладзіць вечарыны з багатымі абедамі і тэатральнымі пастаноўкамі ў Нясвіжы былі звычайнай з’явай напрацягу некалькіх стагоддзяў. Асабліва адзначыліся ў гэтым Караль і Міхал Радзівілы, пры якіх забавы ў Нясвіжы дасягнулі асаблівага росквіту.
А завёў моду пышна прымаць гасцей Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка, які ў XVI стагоддзі ў сэрцы сінявокай вырашыў зрабіць сапраўдны рымскі куток. Падышоўшы да справы грунтоўна, на вадасховішчы, што знаходзілася каля палаца, ён стварыў штучную выспу са свяцілішчам у гонар багіні Цэрэры. Менавіта там і адбываліся першыя святкаванні надыходу вясны. Выглядалі яны даволі цнатліва ў параўнанні з больш познімі, якія сталі адбывацца ў XVIII стагоддзі пры Каралі Станіславе Радзівіле па мянушцы Пане Каханку.
Але гэта наперадзе, а пакуль з’явілася мода здзіўляць, а яшчэ лепш пужаць гасцей незвычайным і нечаканым. Так, напрыклад зайшоўшы ў залу, госці маглі пабачыць замест столі вялікі акварыўм з трохметровымі асятрамі, а навокал – усё ў люстэрках.
Усё змянілася пры Міхале Казіміры Радзівіле. За вялікую гасціннасць і зварот "рыбанька" гэтага прадстаўніка Радзівілаў пазней так і пачалі называць Рыбанька. У нясвіжскай Альбе ён наблізіў свята сустрэчы вясны да яго антычнай сутнасці. На выспу, якая называлася Цытэраю адпраўляліся адмысловыя караблікі са шляхецкай моладдзю, дзе яны гарэзліва забаўляліся. Амаль каралеўскія багацці рода Радзівілаў дазвалялі не стрымліваць сябе ў забавах і Рыбанька, і Пане Каханку балявалі з размахам і, часам, з рознымі жорсткімі вычварэнствамі.
У дзенніку Міхала Радзівіла Рыбанькі часта сустракаюцца запісы, якія характарызуюць забавы шляхты таго часу: "Абед у замку, і дужа многа гасцей меў я. Пасля абеду адбылася карусель. Былі чатыры банды кавалераў: у кожнай бандзе шэф і чатыры кавалеры... Было столькі ж банд дам на фаэтонах. Запрэжаных адным канём... пасля была цудоўная вячэра ў замку, і там нам весела прайшоў дзень".
Пане Каханку - пазёр і бацька селядцоў
А вось як любіў "весяліцца" Караль Радзівіл або Пане Каханку, якога мемуарыст Кітовіч называў "трэцім п’яніцам" Рэчы Паспалітай і адзначаў, што князь "па натуры мала адрозніваўся ад вар’та, а п’яны зусім шалеў... Займаўся распустай, а таксама, выпіўшы, жорстка здзекваўся з розных прыдворных. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцця убіць келіх у рот, каб чалавек аж захлынуўся, наліць ззаду за каўнер віна таму, хто марудна п’е, моцна стукнуць галовамі ў час размовы – каб аж выскачылі на лбах гузы, выкідваць розныя фіглі з абразай для жаночага сораму – вось самая прыемная забава Радзівіла".
Вядомы і такі выпадак "сяброўскага" розыгрышу, калі Пане Каханку пажартаваў з Паца, вялікага літоўскага пісара, свайго фаварыта і нязменнага ўдзельніка ўсіх оргій. Аднойчы Пац не сцярпеў грубіянцкіх здзекаў і прыгразіў Радзівілу дуэллю. Але Радзівіл, жадаючы застацца ў сяброўстве, але і адпомсціць сябру за выклік, зрабіў выгляд, што моцна раззлаваўся і загадаў схапіць Паца, закаваць у кайданы і кінуць у турму. Назаўтра пісара апранулі ў смяротную кашулю і вывелі на плошчу ў суправаджэнні ката і ксяндза. Сябры і сам Пац, прасілі міласці ў Радзівіла, але над галавой небаракі завісла сякера. Урэшце, калі Пац папрасіў хвіліну для споведзі, Радзівіл, насыціўшыся жартам, падскочыў да Паца з мілай усмешкай: "Вось бачыш, я цябе больш напалохаў, чым ты сваёй дуэллю".
"Спектакль" працягнуўся багатымі падарункамі Пацу, які так і заставаўся ў саване ў той вечар і скончыўся папойкай ў гонар гэтай задумы. Праз тры дні Пац памёр.
З асаблівым задавальненнем "жартаваў" князь з замежных гасцей: камедыянтаў, гувернёраў і нават паслоў. Мемуарыст Нямцэвіч узгадваў, што папскі нунцый Салузі быў напалоханы да смерці магчымасцю ехаць з Радзівілам на прагулку не ў звычайным экіпажы, а ў лёгкай павозцы на двух колах, запрэжанай шасцёркай мядзведзяў. Праўда і ў іншыя часы беларусы любілі дурыць іншаземцаў.
Гісторыкі сцвярджаюць, што Караль Радзівіл быў вялікім пазёрам з акторскімі здольнасцямі. Многія мемуарысты аднадушна сцвярджаюць, што ў яго было нешта ад блазана і параўноўваюць яго з шэкспіраўскім Фальстафам. Усё жыццё ў Нясвіжы таго часу нагадвала аперэту ці буфанаду. Так перад выбарамі ён выязджаў на бочцы на рынак і, седзячы на ёй частаваў усіх віном, бічаваў сябе ў перадвелікодную пятніцу, наўмысна ставіў сябе ў анегдатычныя і скандальныя сітуацыі: катаўся летам на санках, запрэжаных мядзведзямі па дарозе, высыпанай соллю, конна ўязджаў на тэатральныя прадстаўленні.
А яшчэ любіў распавядаць пра сябе шляхце ўсялякія "глупствы". То ён нібы разбагацеў, служачы кухарчыкам у нейкай пані Лазоўскай, то нібы ў яго быў раман з сірэнай, ад якога ў Каспійскім моры з’явіліся селядцы. Адам Мальдзіс у эсэ "Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі" апавядае, што асабліва часта Пане Каханку паўтараў анекдот аб тым, як ён, удзельнічаючы ў штурме Гібралтара, скочыў на вал на адной палавіне каня, бо другую адарвала гарматным снарадам.
"Хіба не так было?" - пытаўся апавядальнік у сваіх прыдворных, Бароўскага або Валаковіча. "Не ведаю, - гучаў завучаны адказ, - я гэтага ўжо не мог бачыць, бо яшчэ раней быў забіты". Усё гэта рабілася не толькі дзеля дасягнення асабістай папулярнасці сярод шляхты і замацавання ўлады але і адлюстроўвала густы той эпохі.
Вядома ж, такія баляванні і паводзіны магнацкай вярхушкі былі толькі моднай завядзёнкай у пэўны гістарычны час і для пэўных прадстаўнікоў рода Радзівілаў. Яны былі пашыраны толькі сярод найбольш заможных прадстаўнікоў шляхты са сваім поглядам на смешнае і не маглі замацавацца назаўсёды.
Чытайце таксама: