Святлана Алексіевіч святкуе дзень нараджэння

Таленавітай пісьменніцы, першаму беларускаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры сёння спаўняецца 71 год.
Sputnik

Святлана Алексіевіч нарадзілася ва ўкраінскім Івана-Франкаўску ў 1948 годзе ў сям'і вайскоўца.

Бібліятэкі Гомельшчыны атрымалі больш 400 камплектаў кніг Алексіевіч

Пасля таго, як яе бацька быў дэмабілізаваны з войска, уся сям'я пераехала ў Беларусь, дзе Святлана жыве і сёння.

У 60-х працавала выхавацелькай у школе-інтэрнаце ў горадзе Нароўля. Школу будучая пісьменніца скончыла з дзевяццю тройкамі. Па заканчэнні навучальнай установы Алексіевіч працавала карэспандэнтам у раённай газеце. Таксама была настаўнікам нямецкай мовы ў Мазырскім раёне. У 1967 годзе паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Алексіевіч год прапрацавала ў Бярозе ў газеце "Маяк камунізму". Пасля да 1976 года працавала ў Мінску ў "Сельскай газеце". З 1976 па 1984 год Алексіевіч была карэспандэнтам і загадчыкам аддзела нарыса і публіцыстыкі ў "Нёмане" — часопісе Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сама Святлана кажа, што яе маці — украінка, бацька — беларус, а культура — руская.

Літаратура

Літаратурным дэбютам Алексіевіч стала кніга "Я з'ехаў з вёскі", напісаная ў 1975-м, а падрыхтаваная да друку ў 1976 годзе. А першай апублікаванай кнігай стала "У вайны не жаночы твар", напісаная ў 1983 годзе. Далей былі "Апошнія сведкі: кніга недзіцячых апавяданняў" 1985 года, "Цынкавыя хлопчыкі", напісаныя ў 89-м.

Алексіевіч атрымала прэмію "Ганаровы грамадзянін Цэнтральнай Еўропы"

У дзевяностых выйшлі кнігі "Зачараваныя смерццю" (1993) і "Чарнобыльская малітва" (1997), агульны тыраж замежных выданняў якой склаў больш за чатыры мільёны асобнікаў. У 2013 годзе свет убачыла таксама нашумелая кніга "Час second-hand".

Святлана Алексіевіч працуе ў жанры нон-фікшн. Усе яе кнігі заснаваныя на рэальных дыялогах з людзьмі, наўпрост звязаных з тэматыкай твора аўтара.

Меркаванні экспертаў, чытачоў і прэсы пра кнігі Святланы Алексіевіч разыходзяцца: адны лічаць, што творы Алексіевіч падымаюць складаныя філасофскія пытанні, іншыя называюць аўтара спекулянткай. Аднак не толькі творчасць, але і выказванні самой Святланы Алексіевіч рэгулярна выклікаюць рэзананс у грамадстве.

На пачатку двухтысячных Алексіевіч эмігравала — жыла ў Германіі, Францыі і Італіі. З 2013 года пісьменніца жыве ў Беларусі.

Узнагароды

Абласцям, якія адмовіліся ад кніг Алексіевіч, прапануюць іх яшчэ раз
У розныя гады Святлана Алексіевіч стала ўладальніцай такіх узнагарод, як прыз чытацкіх сімпатый па выніках чытацкага галасавання прэміі "Вялікая кніга", прэмія Андрэя Сіняўскага "за высакароднасць у літаратуры", расійская незалежная прэмія "Трыумф", а таксама залаты медаль конкурсу "Брэнд года-2013". Акрамя таго, у 2014 годзе Алексіевіч атрымала званне афіцэра французскага ордэна Мастацтваў і літаратуры.

На рахунку Святланы Алексіевіч мноства замежных узнагарод: прэмія Рэмарка, Нацыянальная прэмія крытыкі, прэмія Курта Тухольскага "За мужнасць і годнасць у літаратуры", Лейпцыгская кніжная прэмія "За ўклад у еўрапейскае ўзаемаразуменне", нямецкая прэмія "За лепшую палітычную кнігу", прэмія імя Гердэра. У 2013 годзе Алексіевіч стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў.

У 2013 і 2014 гадах уваходзіла ў лік намінантаў на Нобелеўскую прэмію.

8 кастрычніка 2015 года Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за "тэксты, якія з'яўляюцца помнікам пакуты і мужнасці ў наш час". Яна стала першым беларускім аўтарам, які быў ганараваны прэстыжнай міжнароднай прэміяй.