Памёр вядомы беларускі мастак Уладзімір Басалыга

На стварэнне графічнай серыі "Помнікі дойлідства Беларусі" Уладзіміра Басалыгу натхніў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.
Sputnik

МІНСК, 8 чэр - Sputnik. Вядомы беларускі графік Уладзімір Басалыга памёр у Мінску на 81 годзе жыцця, паведаміў яго сын Андрэй Басалыга.

Дом-музей Уладзіміра Караткевіча можа з’явіцца ў Рагачове

Уладзімір Басалыга з'яўляецца аўтарам ілюстрацый да кніг класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча. Працаваў у тэхніцы літаграфіі, афорта, лінагравюры, акварэлі.

"Сёння не стала майго бацькі. Дзякуй табе за ўсё, люблю", - напісаў на сваёй старонцы ў ФБ яго сын Андрэй Басалыга.

Уладзімір Самойлавіч Басалыга нарадзіўся ў Слуцку ў 1940 годзе. У 1960-ым скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, у 1967-ым - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У савецкія часы працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, затым выкладаў на мастацкім факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў. З 2001 па 2007 гады быў старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Акрамя ілюстрацый да кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, Уладзімір Басалыга стварыў графічную серыю "Помнікі дойлідства Беларусі", на стварэнне якой яго натхніў Уладзімір Караткевіч. Класіка беларускай літаратуры Басалыга лічыў сябрам і аднадумцам.

За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.