БелАЭС

"Расатам" распавёў пра сітуацыю з каронавірусам на пляцоўцы БелАЭС

Падрадчык разам з беларускім заказчыкам і санэпідслужбай правялі комплекс неабходных мерапрыемстваў.
Sputnik

МІНСК, 25 чэр - Sputnik. Сітуацыя з каронавірусам на пляцоўцы Беларускай АЭС змянілася да лепшага дзякуючы прынятым мерам, пра гэта паведаміў генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксей Ліхачоў.

Беларусь пачне загрузку ядзернага паліва на АЭС у ліпені

Інфармацыю пра тое, што на пляцоўцы БелАЭС зафіксавана каля 100 выпадкаў заражэння каронавірусам, кіраўнік "Расатама" паведаміў 26 мая. Пазней Міністэрства аховы здароўя Беларусі удакладніла, што сярод работнікаў на станцыі выяўлена 18 выпадкаў захворвання COVID-19, 81 чалавек - на ізаляцыі як кантакты першага ўзроўню.

"Мы казалі на пачатку мая, што сітуацыя там патрабуе асаблівай увагі. Ва ўзаемадзеянні з беларускім заказчыкам, прадстаўнікамі органаў улады рэгіёну і санэпідслужбай мы правялі комплекс мерапрыемстваў. Станоўчы вынік - у наяўнасці", - распавёў Ліхачоў.

Ён адзначыў, што крывая захворвання няўхільна ідзе ўніз, адначасова расце і колькасць тых, хто паправіўся.

Першыя выпадкі каронавіруса ў спецыялістаў, якія працуюць на будпляцоўцы БелАЭС, былі выяўлены на пачатку красавіка. Тады першы тэст на наяўнасць COVID-19 даў станоўчы вынік у 15 расійскіх спецыялістаў, яшчэ каля 80 чалавек былі шпіталізаваны як кантакты. Праз некалькі дзён высветлілася, што тэсты аказаліся памылковымі.

Беларуская АЭС будуецца побач з горадам Астравец ў Гродзенскай вобласці. На двух энергаблоках будуць устаноўлены рэактары ВВЭР-1200 агульнай магутнасцю 2400 МВт. АЭС будуецца па расійскім праекце пакалення 3+, які цалкам адпавядае нормам МАГАТЭ па бяспецы. Запуск першага энергаблока запланаваны на гэты год, другога - на 2021-ы.