МІНСК, 8 ліп - Sputnik. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не радасная, але кантралюемая, заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з работнікамі Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання.
"Калі казаць у цэлым аб сітуацыі, не хачу сказаць, што яна абсалютна радасная, што мы лёгка праходзім гэты перыяд, але яна кантралюемая", - цытуе Галоўчанка БелТА.
На стан эканомікі аказала ўплыў пандэмія і звязанае з ёй запаволенне, а ў асобных краінах і прыпыненне вытворчасці. Эканамічны спад закрануў многія краіны, пры гэтым Беларусь на фоне іншых, па словах Галоўчанкі, здала не так ужо і моцна.
"Калі за пяць месяцаў мы недабралі 1,8% ВУП, то гэтыя паказчыкі ў Расійскай Федэрацыі, краінах Еўрасаюза ў разы больш", - сказаў ён.
Аднак іншыя краіны маюць рэзервы кампенсаваць страты першага паўгоддзя - за кошт наяўных рэзерваў або карысных выкапняў. У Беларусі такіх магчымасцяў няма.
"Мы можам выдаткаваць тое, што вырабім ўласнымі рукамі і галовамі", - адзначыў прэм'ер.
Пры гэтым ён нагадаў, што частка галін беларускай эканомікі нават ва ўмовах пандэміі дэманструюць рост і дазваляюць пазбегнуць рэзкага падзення ВУП - гэта сельская гаспадарка, будаўніцтва, інфармацыя і сувязь. Яны растуць на фоне крызісу.
Як дастаткова стабільную ацаніў прэм'ер і сітуацыю на спажывецкім рынку краіны.
"Кошты на тавары не ўзляцелі з-за таго, што дзяржава жорстка рэгулявала іх, у тым ліку на сацыяльна значныя", - падкрэсліў ён.
Раман Галоўчанка упэўнены, што далейшае развіццё краіны і канкрэтнага прадпрыемства залежыць ад працы кожнага чалавека на сваім месцы. На яго думку, калі кожны зможа эфектыўна спрацаваць на сваім месцы, можна разлічваць і на сукупны эфект.