Фота

Брэсцкі канструктывізм: экскурсія для знатакоў стылю

Sputnik

"Брэсцкі канструктывізм" - так у горадзе над Бугам называюць архітэктуру, пабудаваную тут у 1920-30-х гадах. Спецыялісты адносяць яе да агульнаеўрапейскага стылю мадэрнізму, які ў свой час адмовіўся ад старых традыцый.

Прагулкі па Мінску. Будынкі ў стылі канструктывізму

Гэты стыль ўключае ў сябе функцыяналізм, канструктывізм, манументалізм і іншыя стылістычныя напрамкі. У Брэсце яго можна пазнаць па некалькіх характэрных рысах. Гэта выкарыстанне простых кубічных формаў, пераменная вышыня будынкаў, стужачныя вокны і плоскія дахі.

У канструктывісцкім духу берасцейцы будавалі не толькі жылыя дамы. Храмы, адміністрацыйныя будынкі, турма, установы аховы здароўя і адукацыі - новы стыль удала ўпісаўся ў гарадскую тканіну. Да прыкладу, амаль увесь паўднёва-заходні бок галоўнай гарадской плошчы - запар помнікі эпохі 1920-30-х.

Сёння ў Брэсце налічваецца больш за два дзясяткі будынкаў у гэтым стылі. Знайсці іх і пазнаёміцца з гісторыяй славутасцяў можна на анлайн карце праекта. Таксама валанцёры распрацавалі алгарытмы выратавання помнікаў архітэктуры ў выпадку пагрозы іх захаванасці.

1 / 15
Мабыць, самы незвычайны прыклад брэсцкага канструктывізму - кірха на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Яе пабудавалі ў 1938 годзе для евангелісцка-аўгсбургскай абшчыны горада з 198 вернікаў. У савецкі час тут працаваў кінатэатр "Змена", а цяпер будынак займае рэкламнае агенцтва.
2 / 15
Адзін з найбуйнейшых помнікаў канструктывізму - будынак былой швейнай фабрыкі "Надзея". Будаваўся ён як дом Яніны Урбановіч. Берасцейцы кажуць, па форме дом чымсьці нагадвае знакаміты хмарачос- "прас" у Нью-Ёрку. Пасля рамонту тут з'явіліся офісы ў стылі лофт.
3 / 15
На паўднёва-заходнім баку плошчы Леніна ў стылі канструктывізму пабудаваны не толькі будынак цяперашняга аблвыканкама. Упраўленне КДБ, адміністрацыя Ленінскага раёна, бальніца хуткай дапамогі - цэлая вуліца стала вялікім помнікам стылю.
4 / 15
У стылі канструктывізму планавалі перабудаваць і галоўны каталіцкі храм Брэста. Але з-за вайны планам было не наканавана спраўдзіцца. Так што Крыжаўзвіжанскі касцёл застаўся ў ранейшых формах позняга класіцызму.
5 / 15
Традыцыі "брэсцкага канструктывізму" жывыя і сёння: архітэктары выкарыстоўваюць традыцыйныя мясцовыя формы пры ўзвядзенні новых будынкаў у цэнтры горада.
6 / 15
Усе помнікі архітэктуры брэсцкага канструктывізму і іх гісторыя сабраныя на адной анлайн карце.
7 / 15
На жаль, гэты "цацачны" асабняк 1937 года ў рэдкім стылі стрымлайн мадэрна выратаваць не ўдалося. Будынак павольна руйнаваўся з-за будаўніцтва па суседстве тэатра лялек. Помнік архітэктуры састарэў, яго пазбавілі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і знеслі год таму.
8 / 15
У гэтым доме з характэрным для канструктывізму стужачным шкленнем сёння працуе знакаміты брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч.
9 / 15
"За польскім часам" берасцейцы атрымалі нават спартыўны манеж у стылі канструктывізму. У ынаш час ён застаецца дзеючым, а час ад часу тут адбываліся гарадскія выставы-кірмашы.
10 / 15
Валанцёры распавядаюць аб брэсцкім канструктывізме з дапамогай налепак у кавярнях горада.
11 / 15
Эпоха брэсцкага канструктывізму памятае і прысуд Веры Харужай. У гэтым будынку ў 1927 году падпольшчыцу асудзілі на шэсць гадоў катаргі.
12 / 15
Турысты могуць пазнаёміцца з архітэктурай мадэрна і па выдадзенай праектам брашуры. Усе помнікі міжваеннай эпохі сабраны ў адным выданні - па ім лёгка арыентавацца падчас прагулкі па горадзе.
13 / 15
Дом у стылі канструктывізму пабудаваў для сябе і галоўны прадстаўнік брэсцкай школы мадэрна Юзэф Бараньскі. Архітэктар меў асабістую гербавую пячатку і валодаў правам праектаваць будынкі любой складанасці. Яму належаць шматлікія знакавыя для горада збудаванні: філармонія, корпус чыгуначнага каледжа і касцёл на Граеўцы ў форме паравоза.
14 / 15
Амаль усе помнікі гэтай эпохі ў Брэсце ўключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. На выпадак пагрозы захаванасці будынкаў валанцёры падрыхтавалі тры алгарытмы дзеянняў, якія дапамогуць выратаваць помнікі архітэктуры.
15 / 15
На адну з экскурсій па мадэрнісцкім Брэсце запрасілі Міхала Пшчулкоўскага - буйнога польскага спецыяліста па архітэктуры канструктывізму. Натхніўшыся тэмай, адна з валанцёраў праекта напісала ўласную навуковую працу аб брэсцкім мадэрне.