МІНСК, 14 ліп - Sputnik. Беларусь з'яўляецца суверэннай краінай і як іншыя незалежныя дзяржавы праводзіць выбарчыя кампаніі для сябе, заявіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз у адказ на просьбу пракаментаваць нядаўнюю заяву кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірка Шубеля.
"Беларусь, напэўна, пакуль яшчэ не краіна ідэальнай дэмакратыі, але вось ужо сапраўды шмат гадоў суверэнная дзяржава. Таму для нас вельмі дзіўна, калі прадстаўнік Еўрапейскага саюза, які пастаянна дэкларуе падтрымку нашай незалежнасці, пачынае раптам выступаць у ролі вонкавага кіраўніка, вызначаць вінаватых і невінаватых і дыктаваць, што і як трэба рабіць "кіраўніцтву Беларусі", а таксама пагражаць санкцыямі", - заявіў Глаз.
Пры гэтым "настаўнікі", паводле яго слоў, нярэдка забываюцца на свае ўрокі, калі гаворка ідзе аб навядзенні парадку і законнасці ва ўласных краінах.
"У сувязі з гэтым нагадаю, што Беларусь, гэтак жа сама, як і ўсе іншыя суверэнныя дзяржавы, праводзіць выбары для сябе. Беларускі народ сам зробіць свой выбар без падказкі "добразычліўцаў" звонку. Ні Еўрасаюз, ні хто-небудзь іншы з боку не будуць вызначаць ход выбарчага працэсу ў нашай краіне", - адзначыў Глаз.
Паводле яго слоў, Беларусь адкрыта для для раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з еўрапейскімі партнёрамі. Дыялог працягваецца. Але трываць ціск на выбарчую, судовую і праваахоўную сістэмы афіцыйны Мінск не мае намеру, падкрэслілі ў МЗС.
Глаз таксама паведаміў, што працягваецца дыялог па пытанні прысутнасці міжнародных назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Беларусі.
"І мы прымем рашэнне аб запрашэнні назіральнікаў у належныя тэрміны з улікам развіцця эпідэміялагічнага становішча ў краіне і рэгіёне ў цэлым", - падкрэсліў прадстаўнік МЗС.