Радыё

Дырэктар "Славянскага базара": мы не зможам забараніць артыстам ісці ў залу

Як пандэмія каронавіруса паўплывала на праграму "Славянскага базара", хто з зорак усё ж прыедзе ў Віцебск і чаму гледачам не варта купляць кветкі для любімых выканаўцаў, распавёў дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.
Sputnik
Дырэктар "Славянскага базара": мы не зможам забараніць артыстам ісці ў залу

"Ва ўмовах пандэміі - яшчэ больш доўгачаканы", кажа пра старт фестывалю яго кіраўнік, прычым ганарыцца можна не толькі прыездам артыстаў, але і тым, што на сёлетнім фестывалі "вельмі шмат беларускага кантэнту".

У гэтым годзе атрымалася некалькі цікавых калабарацый, да прыкладу, беларуска-ўкраінская - Герман і Наталля Бучынская, беларуска-латвійская - Іна Афанасьева і Інтарс Бусуліс, "хоць яны будуць спяваць і на адлегласці адзін ад аднаго, сучасныя тэхналогіі гэта дазволяць рэалізаваць", дадае Лапіцкі.

"Што асабліва прыемна, на фестывалі ёсць зоркі сусветнага ўзроўню. Зорка сусветнага балета Сяргей Палунін, зорка сусветнай джазавай сцэны Ігар Бутман. І мы кажам пра тое, што "Славянскі базар", як нас любяць крытыкаваць, не фестываль "эстраднай папсы", а фестываль мастацтваў, на якім знаходзіць адлюстраванне любы жанр", - дадае ён.

"Ахоўваем і артыстаў, і гледачоў"

Акрамя таго, па словах дырэктара, цяперашні 29-ы фестываль шмат у чым стаў праверкай на трываласць для дружбы і партнёрства.

"Калі нашы сябры з Казахстана ляцяць да нас у Беларусь праз Стамбул, з Грузіі ляцяць праз Стамбул, калі зоркі сусветнага ўзроўню не адмаўляюцца ляцець, таму што трэба ляцець з перасадкамі, калі мы ў Расію разам з нашымі калегамі адпраўляем эксклюзіўныя тры саставы вагонаў, каб прывезці артыстаў, тады ты разумееш, што ты не адзін і "Славянскі базар" патрэбны не толькі Беларусі", - разважае Лапіцкі.

На фестывалі будуць выконвацца і меры бяспекі ў сувязі пандэміяй каронавіруса, дадае Лапіцкі. "Мы ахоўваем не толькі артыстаў, але і гледачоў, мы не выпускаем гледачоў на сцэну да артыстаў". Падчас акцыі "Букет дабра" кожны чалавек можа замест пакупкі букета перавесці грошы на дабрачынны рахунак, сродкі з якога потым будуць накіраваныя Сенненскай школе-інтэрнату.

Пры гэтым "ніводнаму артысту мы не зможам забараніць ісці ў залу, гэта воля кожнага чалавека, гэтак жа сама як мы рэкамендуем, хто хоча - апранае маскі, хто не хоча - дык не апранае", распавядае Лапіцкі.

Нагадаем, урачыстае адкрыццё фестывалю Славянскі базар пройдзе ўвечары 16 ліпеня, на ім будзе прысутнічаць прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, акрамя таго, вядома, што ў гэтым годзе на Алеі зорак у Віцебску з'явіцца імянная зорка Філіпа Кіркорава.