Відэа

З байкерамі і трамваямі: у Віцебску адкрылі Полацкі пуцеправод

Адну з галоўных дарожных развязак горада на Дзвіне пабудавалі амаль у тры разы хутчэй, чым планавалася, і ўвялі ў эксплуатацыю да пачатку "Славянскага базару". Як праходзіла ўрачыстае адкрыццё Полацкага пуцеправода - глядзіце на відэа.
Sputnik

На адкрыцці моста сабралася шмат людзей, паколькі заканчэння будаўніцтва чакаў увесь горад - Полацкі пуцеправод па самым кароткім шляху злучае дзве часткі горада. У 2018-м мост, пабудаваны ў 1953 годзе, па патрабаванні пракуратуры закрылі на рэканструкцыю, паколькі ён знаходзіўся ў аварыйным стане. Тады жыхарам прыйшлося карыстацца вельмі доўгімі і нязручнымі аб'язнымі дарогамі.

Размова пра "нефэйкавыя рэформы": Лукашэнка прыехаў у Віцебск

"Я прыехаў на адкрыццё пуцеправода, каб праехаць па ім адным з першых. Я жыву ў адной частцы горада, а працую за мостам, і я чакаў заканчэння будаўніцтва з нецярпеннем", - распавёў карэспандэнту Sputnik віцяблянін Ілля.
Можна сказаць, што пуцеправод адкрывалі двойчы: у 12 гадзін дня яго адкрываў прэзідэнт, а ў шэсць гадзін вечара рух па мосце адкрыла кіраўніцтва горада і вобласці.

"Па першапачатковым праекце кошт моста складаў 166 мільёнаў беларускіх рублёў, па канчатковым праектнага рашэння выйшла 115 мільёнаў, але мы пабудавалі пуцеправод за 89, зэканоміўшы 25 мільёнаў беларускіх рублёў", - распавёў на адкрыцці Полацкага пуцеправода кіраўнік Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.

Ён адзначыў, што і тэрміны будаўніцтва скараціліся нашмат: замест запланаваных чатырох гадоў і дзевяці месяцаў мост пабудавалі за 1,5 года. Каб зрабіць таннейшым будаўніцтва і скончыць яго хутчэй, прыйшлося "прыняць шэраг тэхнічных момантаў".

З байкерамі і трамваямі: у Віцебску адкрылі Полацкі пуцеправод

Як адзначыў Шарстнёў, чыгуначныя службы запатрабавалі, каб пуцеправод стаў на паўтара метра вышэй, паколькі ў перспектыве плануецца запусціць электрычкі. Для таго, каб павялічыць вышыню моста, трэба было насыпаць 1,5 метра грунту, і той "падышоў" да некаторых дамоў пад самыя вокны. Прыйшлося знесці некалькі дамоў і вылучыць людзям кватэры.

"Мы пачыналі будаваць, хоць у нас не было для гэтага дастатковай колькасці грошай. Спачатку 50% сумы ўнесла вобласць, другую палову - рэспубліка. За гэты час падрыхтавалі дакументы і выйшлі на кіраўніка краіны, паколькі без яго дапамогі такі праект мы б не ажыццявілі" , - адзначыў Шарстнёў.

Паводле яго слоў, рэзалюцыя прэзідэнта для прэм'ера Румаса на дакуменце абвяшчала "Думайце аб людзях". У выніку было прынята распараджэнне, у якім выразна распісалі фінансаванне праекта. З таго часу ў будаўнікоў перабояў з грашыма не было.

"Але гэта яшчэ не ўсё. Мы папрасілі прэзідэнта пакінуць зэканомленыя грошы ў галіне, і ён пагадзіўся. На гэтыя грошы мы далі абавязацельства да наступнага "Славянскага базару" адрамантаваць вуліцу Гагарына, якая зараз знаходзіцца ў дрэнным стане", - адзначыў кіраўнік Аблвыканкама.

Акрамя таго, у планах ва ўладаў скончыць дарожнае кола вакол Віцебска, пабудаваўшы ўчастак паміж дарогамі Полацкага і Гарадоцкага напрамкаў.

Як адзначыў Мікалай Шарстнёў, тое, што не зробіш своечасова, потым выпусціш назаўжды, таму кіраўніцтва вобласці збіраецца прымацца за новыя будоўлі ў бліжэйшы час.