Савецкія спартсмены на летніх Алімпійскіх гульнях 1980 года ўпэўнена ўзялі пальму першынства, заваяваўшы 80 залатых, 69 срэбных і 46 бронзавых медалёў. Унёсак у агульную перамогу зрабілі атлеты ўсіх рэспублік былога СССР.
Больш за дзесяць узнагарод вышэйшай вартасці апынуліся на грудзях прадстаўнікоў Беларускай ССР. Адной з галоўных гераінь Гульняў, без сумневу, стала гімнастка Нэлі Кім, якая нарадзілася ў Шурабе, але трэніравалася ў Мінску. У Маскве спартсменка заваявала два залатыя медалі і стала пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкай. А вясляр Уладзімір Парфяновіч на Алімпіядзе-80 тройчы ўздымаўся на верхнюю прыступку пастамента. Ён да гэтага часу з'яўляецца адзіным у свеце байдарачнікам, якому даводзілася дамагчыся падобнага фенаменальнага выніку.
Беларус Сяргей Каплякоў у басейне акрамя двух залатых медалёў у эстафеце і на дыстанцыі 200 метраў, заваяваў срэбра ў камбінаванай эстафеце 4 па 100 метраў. Коннік Віктар Угрумаў з мінскага "Ураджаю" да золата ў камандным першынстве дадаў бронзу ў асабістых спаборніцтвах, а рапірыст Аляксандр Раманькоў узяў на Гульнях у Маскве срэбра і бронзу.
Назаўсёды застануцца ў памяці перамогі Віктара Сідзяка з Мікалаем Алёхіным у каманднай шаблі, скакуна ў ваду Аляксандра Партнова, велагоншчыка Алега Логвіна, трыўмфы цяжкаатлета Леаніда Тараненкі і баскетбалісткі Таццяны Івінскай.
Глядзіце ў фотастужцы Sputnik архіўныя кадры трыумфатараў Гульняў у Маскве з БССР і іншых савецкіх рэспублік.