МІНСК, 23 ліп - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў высылаць з краіны прадстаўнікоў замежных СМІ, якія парушаюць беларускія законы і "клічуць на майданы", пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.
Падчас нарады прэзідэнт запатрабаваў ад адказных асоб надаваць больш пільную ўвагу працы ў інфармацыйным полі.
"Вядома, мяне здзіўляе ў апошні час работа Адміністрацыі прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна (Качанава - Sputnik) магла б на гэта больш пільна паглядзець", - выказаўся кіраўнік дзяржавы, відэа з яго словамі апублікаваў Telegram-канал "Пул Першага".
Лукашэнка адзначыў, што гаворка ідзе не толькі аб інтэрнэт-СМІ, але і пра папяровыя.
"Я сёння ўзяў ўсе газеты, паглядзеў на так званую "Комсомольскую правду" ў Беларусі. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца. Ці бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, ці то ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі", - сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў журналістам паехаць у поле, дзе ідзе "сапраўднае бітва, барацьба за ўраджай". На яго думку, трэба расказваць пра простых людзей - "рабацяг, якія кормяць краіну".
"Усё ж заўтра пабягуць у крамы, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям", - заявіў ён.
Лукашэнка патрабуе ад адказных асоб выконваць абавязкі, а не чакаць спецыяльных указанняў "зверху".
"Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце - скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца", - падкрэсліў ён.
"Ды і ва ўрадзе ў нас, міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманду Прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, "Свабода", "Свабодная Еўропа" і гэтак далей, стрымы гэтыя... Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёзе, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут", - звярнуўся Лукашэнка да кіраўніцтва МЗС.
Прэзідэнт упэўнены, што ў такіх выпадках неабходна прымаць меры, нават нягледзячы на перадвыбарчы перыяд.
"Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы", - даручыў ён.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што паўтараць ён больш не будзе, нягледзячы на тое, што краіна ў складаным электаральным перыядзе.
"Гэта ж не справа - абраза за абразай. Добра мяне там папэцкалі ўздоўж і папярок. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісій. А ў іх жа сем'і, дзеці", - адзначыў прэзідэнт.
У канцы чэрвеня гэтага года, пасля шэрагу пратэстных акцый у Беларусі, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў аб тым, што яны кіруюцца пры дапамозе Telegram-каналаў і анлайн-стрымаў "Радыё Свабода". Пры гэтым кіраўнік МУС заяўляў пра небяспеку падобных акцый, так як яны могуць "зачапіць" выпадковых людзей.
Пасля заявы Караева журналісты пацікавіліся ў кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, ці не будзе "Радыё Свабода" пазбаўленая акрэдытацыі ў Беларусі. На той момант, казаў міністр, такое пытанне не стаяла, аднак "калі журналісты хочуць працаваць у якасці штатных супрацоўнікаў "Радыё Свабода"- гэта адно, але калі яны будуць займацца адначасна іншай дзейнасцю, звязанай з іх працай у нейкіх незалежных Telegram- каналах, то гэта іншае". Таксама ён заклікаў выконваць беларускае заканадаўства.
Усе замежныя СМІ для працы ў Беларусі абавязаныя атрымліваць спецыяльную акрэдытацыю пры МЗС. Без яе журналісцкай дзейнасцю прадстаўнікі замежных выданняў займацца ў рэспубліцы не могуць, за гэта іх могуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.