МІНСК, 27 ліп - Sputnik. Мітынг у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай напярэдадні прайшоў у Гомелі, на пікеце сабралася рэкордная колькасць людзей.
Святлана Ціханоўская працягвае тур па гарадах краіны: у нядзелю, 26 ліпеня, разам з Веранікай Цапкала і Марыяй Калеснікавай яна пабывала ў шэрагу гарадоў Гомельшчыны.
Увечары прайшоў выступ непасрэдна ў абласным цэнтры - Гомелі. У чаканні кандыдата і яе каманды для жыхароў горада на пляцоўцы выступіў гурт Akute.
Мяркуючы па шматлікіх стрымах з месца падзей, на пікет выйшлі тысячы чалавек: выдзеленая пляцоўка паблізу Цэнтра інклюзіўнай культуры была запоўненая наведвальнікамі, некаторым нават давялося размясціцца на бліжэйшых вуліцах.
Нагадаем, напярэдадні перадвыбарчы пікет Ціханоўскай сабраў стадыён у Бабруйску: поле было запоўнена практычна цалкам.
Сёння сустрэчу з выбаршчыкамі ў мінскім парку Дружбы народаў правёў Андрэй Дзмітрыеў. Сяргей Чарэчань і Ганна Канапацкая вулічных мерапрыемстваў не праводзяць - першы адмовіўся ад іх "на карысць" Ціханоўскай, а Канапацкая заявіла аб пагрозах.
Давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі ў гэтыя дні актыўна праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях і працоўных калектывах.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.