МІНСК, 28 ліп - Sputnik. Намеснік міністра замежных спраў РБ Алег Краўчанка абмеркаваў з новым Часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джукам перспектывы далейшага развіцця беларуска-амерыканскіх адносін, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
Цікава, што абодва суразмоўцы былі ў масках.
Пра тое, што Джук змяніў на пасадзе Джэніфер Мур, стала вядома напярэдадні. Ён апублікаваў відэазварот, у якім распавёў, што нядаўна прыбыў у Мінск, і што для яго вялікі гонар прадстаўляць урад Злучаных Штатаў Амерыкі і кіраваць пасольствам краіны ў якасці новага паверанага ў справах да прыбыцця пасла.
Каля 10 гадоў дыпмісіі Вашынгтона ў Беларусі і Мінска ў ЗША працавалі без паслоў. З пацяпленнем стасункаў, якім суправаджаліся візіты ў Мінск высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў, атрымалася вырашыць пытанне і з вяртаннем паслоў.
Нагадаем, што беларускую дыпмісію ў рангу пасла ў ЗША ўзначаліць якраз Алег Краўчанка. Рашэнне аб гэтым прыняў 20 ліпеня прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Таксама вядома, што Вашынгтон у Мінску будзе прадстаўляць Джулі Фішар. Чакаецца, што пасол ЗША прыбудзе ў Мінск яшчэ да наступлення восені.