Ад 0 да 1928: колькі пікетаў запланавана ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты

Некаторыя кандыдаты раней адмовіліся ад правядзення вулічных мерапрыемстваў, іншыя ж нават пасля папярэджання дзяржсакратара Савета бяспекі пра магчымыя правакацыі вырашылі не адмаўляцца ад агітацыі.
Sputnik

МІНСК, 30 ліп - Sputnik. Цэнтрвыбаркам Беларусі абнавіў дадзеныя па колькасці пададзеных заявак на правядзенне вулічных пікетаў і сустрэчаў з выбаршчыкамі ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты.

Сустрэча з кандыдатамі ў ЦВК прайшла пры ўдзеле дзяржсакратара Савета бяспекі

Перадвыбарная агітацыя працягваецца ў Беларусі да 8 жніўня. Кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы могуць у паведамляльным парадку арганізоўваць сустрэчы з выбаршчыкамі ў спецыяльна адведзеных памяшканнях, альбо ж праводзіць вулічныя пікеты.

Па дадзеных на чацвер, больш за ўсё вулічных пікетаў запланавана камандай Святланы Ціханоўскай: 1928, значная колькасць мітынгаў прыпадае на Віцебскую і Гомельскія вобласці.

У падтрымку Аляксандра Лукашэнкі запланаваны 1241 пікет, большая частка - у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Андрэй Дзмітрыеў і яго давераныя асобы запланавалі 357 пікетаў, прадстаўнікі Сяргея Чарэчня - 140, а Ганны Канапацкай - ніводнага.

Чарэчань і Канапацкая раней адмовіліся ад правядзення вулічных мерапрыемстваў. У чацвер усе кандыдаты сустракаліся з дзяржсакратаром Савета бяспекі Андрэем Раўковым, які распавёў ім пра сітуацыю з затрыманымі расіянамі - меркавана, супрацоўнікамі ПВК, а таксама папярэдзіў пра магчымыя правакацыі. Пасля сустрэчы Дзмітрыеў і Ціханоўская заявілі аб тым, што не будуць адмаўляцца ад вулічных мерапрыемстваў, так як забеспячэнне бяспекі на сябе бярэ дзяржава. Ужо вядома аб тым, што на пікетах плануецца ўстаноўка металадэтэктараў i агароджаў.

Больш за ўсё сустрэч з выбаршчыкамі, па дадзеных на 30 ліпеня, заяўлена даверанымі асобамі Лукашэнкі - 423, вялікая іх частка плануецца ў Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. Прадстаўнікі Ціханоўскі заявілі 25 такіх сустрэч, Дзмітрыева - дзевяць, Канапацкай - адну. Чарэчань і яго давераныя асобы праводзіць сустрэчы не плануюць.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.