МІНСК, 30 ліп - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння тэлефонныя перамовы са сваім сербскім калегам Аляксандрам Вучычам, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Галоўнай тэмай абмеркавання сталі беларуска-сербскія адносіны - на цяперашнім этапе і ў перспектыве. У прыватнасці было адзначана, што ёсць усе ўмовы для таго, каб на практыцы пераўтварыць высокі ўзровень палітычных кантактаў у рэальныя эканамічныя паказчыкі", - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
У цяперашні час афіцыйныя Мінск і Бялград чакаюць завяршэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, пасля чаго запланавана правядзенне двухбаковых перамоваў аб будучай сумеснай працы і праектах.
"Аляксандр Вучыч таксама пацікавіўся здароўем беларускага лідара, адрасаваўшы самыя добрыя пажаданні", - адзначылі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Раней Лукашэнка заявіў, што беларускія медыкі ўстанавілі, што ён перахварэў на каронавірусную інфекцыю "на нагах". "Дзякуй богу, што мне ўдалося патрапіць у гэтую кагорту бессімптомных", - сказаў ён.
Што адбываецца з выбарамі ў Беларусі
ЦВК Беларусі зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты пецярых прэтэндэнтаў. Экс-банкіру Віктару Бабарыку і былому кіраўніку ПВТ Валерыю Цапкалу ў рэгістрацыі было адмоўлена.
У выбарчыя бюлетэні патрапяць імёны Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, Аляксандра Лукашэнкі, Святланы Ціханоўскай і Сяргея Чарэчня.
Зараз кандыдаты праводзяць агітацыю за сябе. Выбары адбудуцца 9 жніўня.