МІНСК, 3 жні - Sputnik. Адзін з выхадаў са станцыі метро "Кастрычніцкая" часова закрыюць на рамонт, пра гэта папярэдзілі ў прэс-службе Мінскага метрапалітэна.
Выхад з метро з боку ўваходу ў Палац прафсаюзаў будзе зачынены для пасажыраў цалкам. Рамонтныя работы плануюць праводзіць з 4 па 31 жніўня. Пасажырам варта ўлічваць гэтую інфармацыю і карыстацца іншымі выхадамі са станцыі метро.
"Мінскі метрапалітэн просіць прабачэння ў пасажыраў за часовыя нязручнасці", - звярнуліся да мінчан і гасцей сталіцы ў падземцы.
Рамонтныя работы на выхадах са сталічных станцый метро праводзяцца на працягу апошняга года. У парадак паспелі прывесці больш за дзесяць станцый на Аўтазаводскай і Маскоўскай лініях Мінскага метрапалітэна. Выхады адрамантавалі на станцыях "Маскоўская", "Парк Чалюскінцаў", "Акадэмія навук", "Купалаўская" "Плошча Перамогі" і шэрагу іншых. Некаторыя выхады на станцыі метро "Партызанская" таксама паспелі адрамантаваць.