МІНСК, 11 жні-Sputnik. Паплечніца кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава заявіла, што не збіраецца з'язджаць з Беларусі. Адпаведную заяву яна зрабіла на прэс-канферэнцыі ў аўторак, перадае карэспандэнт Sputnik.
Паплечніца Святланы Ціханоўскай таксама не выключае, што ўчорашнюю шматгадзінную гутарку Ціханоўскай і ЦВК можна расцэньваць як ціск на кандыдата.
Па словах Калеснікавай, гутарку ў кабінеце кіраўніка ЦВК са Святланай Ціханоўскай праводзілі "высокапастаўленыя прадстаўнікі сілавых структур".
Давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова лічыць, што на кандыдата аказваўся ціск. Сама Ціханоўская не хацела пакідаць краіну да таго, як пайшла ў ЦВК.
Штаб Віктара Бабарыкі працягвае сваю працу, зараз там сканцэнтраваныя на падтрымцы ініцыятыў па кантролі за вынікамі выбараў, а таксама па падтрымцы беларусаў.
"Мы афіцыйна аб'яўляем набор валанцёраў для хуткай узаемадапамогі. Нам патрэбныя людзі", - сказала Калеснікава на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Як патлумачыла Калеснікава, дапамога будзе прадастаўляцца як пацярпелым членам выбарчых камісій, у тым ліку, у перанавучанні абароне правоў і пошуку новай працы, таксама штаб спадзяецца дапамагаць пацярпелым падчас пратэстаў у Мінску.
"Цяпер вельмі важная ўзаемападтрымка і ўзаемадапамога адзін аднаму", - лічыць Калеснікава.
Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова падкрэсліла, што штаб кандыдата таксама працягвае працу. Цяпер яны маюць намер апратэстоўваць вынікі выбараў. Пры гэтым Кавалькова падкрэслівае, што штаб заклікае адмовіцца ад гвалту як удзельнікаў пратэсту, так і ўлады. Развіццё сітуацыі Кавалькова бачыць у магчымасці перамоваў з уладамі па тэме спынення гвалту і пераглядзе вынікаў выбараў.
З чаго ўсё пачалося
Напярэдадні Цэнтрвыбаркам Беларусі агучыў папярэднія вынікі выбараў прэзідэнта. Паводле папярэдніх звестак, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,08%, Святлана Ціханоўская апынулася на другім месцы з 10,09%.
Ціханоўская абвясціла, што не прызнае іх, паколькі агучаныя аб'яднаным штабам дадзеныя аб выніках галасавання на асобных участках казалі пра адваротнае - там Ціханоўская набірала істотна больш за 50%. Учора ўдзень кандыдат падала скаргу ў ЦВК.
Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што Святлана Ціханоўская перастала выходзіць на сувязь. Пра тое, што яна пакінула Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Літве, стала вядома раніцай у аўторак: у штабе паведамілі, што яе "вывезлі беларускія ўлады".