Акцыя пратэсту праходзіць на заводзе БелАЗ у Жодзіне

Прадстаўнікі завода заяўляюць, што на прадпрыемстве сёння праходзіць "сустрэча з працоўным калектывам".
Sputnik

МІНСК, 13 жні - Sputnik. Несанкцыянаваная акцыя пратэсту праходзіць на заводзе БелАЗ у Жодзіне, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Sputnik.

4-ы дзень пасля выбараў у фота: мірныя пратэсты, затрыманні і пошукі блізкіх

Работнікі выйшлі да заводакіраўніцтва і скандуюць, чуваць крыкі: "Патрабуем нацыянальную забастоўку!"

Разам з тым прадстаўнікі завода заяўляюць, што на заводзе ніякая не забастоўка, а "сустрэча з працоўным калектывам"

.Да прысутных на вуліцы супрацоўнікаў выйшлі прадстаўнікі адміністрацыі завода: выконваючы абавязкі дырэктара і начальнікі цэхаў, якія спрабуюць весці гутарку з удзельнікамі акцыі.

Пасля кароткай размовы з кіраўніцтвам, людзі сталі скандаваць: "Не палохай!"

За плотам сабраліся іншыя людзі, яны падтрымліваюць пратэстуючых.

Да ўдзельнікаў акцыі па іх патрабаванню прыехаў мэр горада. Работнікі прадпрыемства выказалі незадаволенасць тым, што завадзкія аўтобусы выкарыстоўваліся супрацоўнікамі АМАП падчас пратэстаў, якія праходзілі ў розных гарадах краіны ў мінулыя дні: яны патрабуюць растлумачыць, чаму так адбываецца.

Мэру перадалі новы, напісаны ад рукі варыянт патрабаванняў, у якім захаваліся два асноўных патрабаванні - правесці сумленныя выбары і прыбраць АМАП з Жодзіна. Людзі скардзяцца, што не могуць спакойна прайсці па горадзе ўвечары.

Як перадае карэспандэнт Sputnik, людзі ўжо пачынаюць разыходзіцца. Адзін з удзельнікаў сходу распавёў, што супрацоўнікі вяртаюцца ў цэхі, каб інфармаваць іншых работнікаў завода: калі іх патрабаванні не выканаюць, не выключана, што вытворчасьць спыніцца.

Акцыя завяршылася каля двух гадзін дня. На прахадной мэра сустрэлі гараджане: акружылі яго і таксама запатрабавалі прыбраць з горада сілавікоў. Жыхары Жодзіна незадаволеныя тым, што ў апошнія дні мірных людзей збівалі на вуліцах.

Кіраўнік мясцовага выканкама запэўніў: калі з'явяцца заявы ад пацярпелых, па кожным факце правядуць разборы. Паводле яго слоў, АМАП сыдзе з горада праз паўгадзіны пасля таго, як яму даложаць, што няма пагрозы захопу адміністрацыйных будынкаў.

Удзельнікі сходу таксама прапанавалі кіраўніку горада прыйсці ў восем вечара да ўнівермага "Гіпа" і правесці сумесную акцыю. Мэр падкрэсліў: акцыя павінна прайсці ва ўстаноўленым законам парадку, прапанаваў падаць адпаведную заяўку, але прыйсці пагадзіўся - аднак папярэдзіў, што можа трохі спазніцца.

Пасля кіраўнік горада з'ехаў: людзі праводзілі яго крыкамі "мэр з народам!"