Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі падчас акцый пратэсту было затрымана каля сямі тысяч чалавек, напярэдадні некаторыя з іх пачалі выходзіць на волю пад абавязацельства няўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.
Вызваленыя мінулай ноччу, выходзячы з Цэнтра ізаляцыі на Акрэсціна, дэманстравалі раны, атрыманыя падчас разгону пратэстаў. Многія скардзіліся на начныя збіванні ў ізалятары. Некаторым адразу спатрэбілася дапамога хуткай.
Інфармацыю пра здзек тут жа абверг намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр Барсукоў, які ноччу прыязджаў да ЦІП на Акрэсціна.
Тыя, хто знаходзіцца ля ЦІП, ужо пятыя суткі спрабуюць даведацца, дзе іх родныя і ці ўсё з імі ў парадку. Сваякі і блізкія дзяжураць гадзінамі, складаюць спісы затрыманых, плачуць, абураюцца, падтрымліваюць адзін аднаго.
Затрыманых падчас акцый людзей адпускалі напярэдадні і з турмы ў Жодзіне.
Падчас акцый пратэсту супраць вынікаў выбараў адзін чалавек загінуў, больш за 250 пацярпелых шпіталізаваны, сярод якіх каля 50 супрацоўнікаў міліцыі.