Міністр культуры Бондар прыехаў да артыстаў Купалаўскага

Каля тэатра ад раніцы сабралася каля ста чалавек з плакатамі, акцёры заявілі, што калі іх патрабаванні не будуць пачутыя - сыдуць з тэатра.
Sputnik

МІНСК, 18 жні - Sputnik. Міністр культуры Юрый Бондар прыбыў на сустрэчу з калектывам Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы. Напярэдадні быў звольнены яго дырэктар і экс-міністр культуры Павел Латушка, які заступіўся за ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Калектыў тэатра, у сваю чаргу, выказаў салідарнасць з дырэктарам і стаў на яго абарону.
Каля тэатра раніцай сабраліся некалькі дзясяткаў гараджан. На будынку вывесілі бела-чырвона-белыя сцягі. У чаканні міністра яны скандавалі "Латушка, ты герой", "Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго" і "Жыве Беларусь". Дэманстрантаў падтрымлівалі аўтамабілісты.

Міністр культуры Бондар прыехаў да артыстаў Купалаўскага

Неўзабаве да грамады выйшлі артысты тэатра Раман Падаляка і Міхаіл Зуй, якія заявілі, што патрабуюць адстаўкі міністра і вяртання на працу Латушкі. У адваротным выпадку акцёры збіраюцца звольніцца.

"Заявы ўжо напісаныя, засталося толькі аднесці іх у аддзел кадраў. Сваім звальненнем мы спыняем працу тэатра", - заявіў Раман Падаляка.

Гэта права наймальніка

На сустрэчы з калектывам Бондар заявіў, што прыбыў не за тым, каб абмяркоўваць агульнапалітычныя пытанні, а абмеркаваць як тэатр будзе працаваць далей.

На пытанне аб звальненні Латушкі ён адказаў, што паважае яго меркаванне, але ён - дырэктар дзяржаўнай установы і павінен гэта ўлічваць пры выказванні сваёй пазіцыі. Скасаванне кантракту з былым дырэктарам тэатра - права наймальніка - міністэрства, і гэтыя нормы былі прапісаны ў кантракце былога дырэктара.

Міністр культуры Бондар прыехаў да артыстаў Купалаўскага

Юрый Бондар заявіў, што прыйдзе новы дырэктар, які разгледзіць заявы, пададзеныя супрацоўнікамі.

Калектыў адрэагаваў на выказванні міністра няўхвальна. З залы раздаваліся незадаволеныя выкрыкі. Сустрэча завяршылася вельмі хутка - міністр размаўляў з калектывам не больш за 10 хвілін. Артысты не захацелі далей працягваць размову і сталі падымаць угору свае заявы.

Міністр культуры Бондар прыехаў да артыстаў Купалаўскага

Як стала вядома карэспандэнту Sputnik, заявы ўжо падалі 50 чалавек з асноўнай трупы тэатра.