Пасля выбараў прэзідэнта Беларусі масавыя пратэсты ў краіне працягваюцца 29 дзён. Ужо чацвёртую нядзелю запар у Мінску і рэгіёнах краіны праходзяць масавыя маршы пратэсту супраць дзейнай улады і гвалту сілавікоў.
У Мінску яшчэ да пачатку акцыі некалькі станцый метрапалітэна былі зачыненыя, цягнікі рухаліся там без прыпынкаў. А сілавікі падрыхтаваліся да маршу з раніцы: перакрылі галоўныя вуліцы і праспекты, сцягнулі ў цэнтр спецтэхніку, усталявалі платы, калючы дрот і падвезлі аўтобусы з АМАПам.
Нягледзячы на ачапленне, калоны пратэстуючых з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі і транспарантамі сцякаліся ў цэнтр горада - да праспекта Незалежнасці. Каля ГУМа удзельнікаў пратэсту сустрэў кардон сілавікоў. Пратэстоўцы сталі рухацца па праспекце Пераможцаў.
Затрымлівацца каля стэлы "Мінск - горад-герой", якую сілавікі ўзялі пад ахову, удзельнікі мірнай акцыі не сталі. Пратэстоўцы скандавалі розныя антыўрадавыя лозунгі і прайшлі да Палаца Незалежнасці, які таксама быў узяты пад ахову. У рэзідэнцыі Лукашэнкі перад ачапленнем сілавікоў дэманстранты заставаліся да вечара. Перад сыходам яны пакінулі ў калючага дроту кветкі і плакаты.
Пасля таго, як пратэстоўцы сталі пакідаць месца мітынгу, людзі ў цывільным зрабілі шэраг затрыманняў. Дакладную колькасць затрыманых у МУС паабяцалі назваць у панядзелак.
Падчас мірнага маршу ў Мінску назіраліся перабоі з сувяззю. Нягледзячы на моцны дождж, пратэстоўцы дастаткова доўга не разыходзіліся.