Названыя пераможцы Венецыянскага кінафестывалю

Лепшай актрысай сёлета прызнана брытанка Ванэса Кірбі за ролю, якую яна выканала ў кінакарціне "Часткі жанчыны".
Sputnik

МІНСК, 13 вер - Sputnik. Журы Венецыянскага кінафестывалю назвала лепшым фільмам "Зямлю качэўнікаў" ("Nomadland") амерыканскага рэжысёра Хлоі Чжао.

Роўд-муві з актрысай Фрэнсіс Макдормэнд у галоўнай ролі распавядае гісторыю жанчыны, якая страціла дом і вымушана жыць у кемперы - доме на колах, перамяшчаючыся па захадзе ЗША.

Драма "Дарагія таварышы" расійскага рэжысёра Андрэя Канчалоўскага, у якой распавядаецца пра падаўленне ў 1962 годзе пратэстаў рабочых у Новачаркаску, атрымала спецпрыз журы.

Лепшай актрысай прызнаная брытанка Ванэса Кірбі за ролю ў карціне "Часткі жанчыны", лепшым акцёрам - П'ерфранчэска Фавіна ("Наш бацька"). "Срэбнага льва" за найлепшую рэжысуру ўручылі Кіёсі Курасаве ("Жонка шпіёна"), прэмію вялікага журы - Мішэлю Франка ("Новы парадак"). Прыз фестывалю за лепшы сцэнар атрымаў індыец Чайтанья Тамханэ за карціну "Вучань".

Венецыянскі кінафестываль праходзіў на востраве Лідо, у суботу 12 верасня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання яго пераможцаў.