МІНСК, 23 вер - Sputnik. Беларуская чыгунка пусціла новы цягнік па маршруце Гомель - Віцебск, паведамляецца на сайце БЧ.
Састаў пусцілі часова: ён будзе хадзіць з 27 верасня па 26 кастрычніка. Яго маршрут пралягае праз тры абласныя цэнтры - Гомель, Магілёў і Віцебск. Таксама прадугледжаны прыпынкі ў Буда-Кашалёве, Жлобіне, Рагачове, Быхаве, Шклове і Оршы.
"Цягнік №697/698 будзе адпраўляцца з Гомеля па нядзелях у 17:16 і прыбываць у Віцебск у 23:26. У адваротным кірунку з Віцебска цягнік адправіцца ўжо пасля паўночы - ў 1:00 панядзелка і у 7:36 прыбудзе на станцыю Гомель", - распавялі падрабязнасці на чыгунцы.
Паведамляецца, што новы цягнік будзе хадзіць па панядзелках і нядзелях. Кошт квітка ў плацкартным вагоне ад Гомеля да Віцебска складзе 10,96 рубля, а ў купэйным - 15,20.