Алімбекава выйграла спрынт на чэмпіянаце краіны па летнім біятлоне

У спаборніцтвах у "Раўбічах" апроч беларусаў таксама ўдзельнічалі спартсмены з Расіі і Манголіі.
Sputnik

МІНСК, 25 вер - Sputnik. У спарткомплексе пад Мінскам 25 верасня прайшлі спрынтэрскія гонкі чэмпіянату Беларусі па летнім біятлоне. У спаборніцтвах у жанчын лепшай стала Дынара Алімбекава, у мужчын - Дзмітрый Лазоўскі, паведамілі Sputnik у прэс-службе Беларускай федэрацыі біятлона.

На двух агнявых рубяжах Алімбекава дапусціла два промахі, але была самай хуткай на трасе. Алена Кручынкіна выйграла срэбра, прамазала толькі аднойчы, але саступіўшы пераможцы ў хуткасці. Ганна Сола прыйшла да фінішу трэцяй, у яе два стрэлы "ў малако".

Лазоўскі, які стаў па выніку чэмпіёнам, прамахнуўся адзін раз. Антон Смольскі і Сяргей Бачарнікаў, якія фінішавалі на другі і трэцяй пазіцыях адпаведна, не закрылі па дзве мішэні.

Чэмпіянат завершыцца у нядзелю 27 верасня гонкамі пераследу, а заўтра ў каманд - выхадны. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі "Раўбіч" дзейнічае рэжым абмежаванага наведвання з-за каронавіруса, гледачы пры наяўнасці маскі і падтрыманні сацыяльнай дыстанцыі могуць наведаць гонкі.

Нагадаем, у спаборніцтвах прымаюць удзел не толькі беларускія біятланісты, але і спартсмены з Манголіі і Расіі.