Лукашэнка прапанаваў пабудаваць ва Усць-Лузе беларускі тэрмінал

Улады рэспублікі задумаліся над пераносам лагістыкі з інфраструктуры партоў балтыйскіх рэспублік у расійскія гавані.
Sputnik

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Беларусь і Расія могуць скааперавацца і пабудаваць сумесна прычал для беларускіх грузаў ва Усць-Лузе, сказаў прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам, перадае карэспандэнт Sputnik.

"Мы зараз восенню шмат гаворым і працуем над змяненнем лагістыкі па пастаўцы нашых тавараў. Порт Усць-Луга - гэта ж Ленінградская вобласць. Таму нам трэба дамовіцца у што б там ні стала", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пры гэтым пытанне стаіць толькі ў чыгуначных тарыфах і перавалцы ў партах. Лукашэнка дадаў, што гэта пытанне ён "вельмі шмат часу" абмяркоўваў на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі.

"Я яму сказаў, што мы можам з ленінградцамі скааперавацца і пабудаваць там свой прычал, скажам так, свой порт. Ён загарэўся гэтым пытаннем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі прэзідэнт распавёў, што прапанаваў Уладзіміру Пуціну фінансавае рашэнне гэтага пытання. Гаворка ідзе пра сродкі, якія атрымаецца "зэканоміць на атамнай станцыі, якая будуецца за кошт крэдытаў Расійскай Федэрацыі". Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь гатовая ўкласці гэтыя грошы ў будаўніцтва тэрмінала.

"Мы можам з вамі, Аляксандр Юр'евіч, калі будзе жаданне, рэалізаваць гэты праект сумесны", - заявіў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

  • Эксперт: выгаднае рашэнне аб пераводзе беларускіх грузаў у парты РФ знойдзецца