Карона Змяінага цара і цмок-спакуснік: паданні на Змяінае свята

У даўніну людзі верылі што 27 верасня змеі збіраюцца і разам сыходзяць у зімовую спячку, у сувязі з гэтым у лес імкнуліся не хадзіць.
Sputnik
Па народных паданнях, 27 верасня паўзуноў надзвычай шмат - яны збіраюцца разам, каб запаўзці глыбока ў лес і там легчы ў спячку. Людзі імкнуліся не хадзіць у лес або поле, таму што лічылася: калі змяя ўкусіць у гэты дзень, ніякія лекі не дапамогуць.
Асабліва сцерагліся гадзюк. Насамрэч, шмат дзе на беларускіх землях усіх паўзуноў называлі "вужамі", але калі сапраўдны вуж – істота бяскрыўдная і нават карысная, яд гадзюкі здольны забіць, таму іх знішчалі, а каб пазбегнуць укуса, перад тым, як ісці ў месцы, дзе водзяцца змеі, чыталі загавар. 

Вуж-дамавік аберагаў ад бяды

На беларускіх землях вужы здаўна лічыліся апекунамі дома і дамашніх жывёл. Ім пакідалі малако і ніколі не крыўдзілі, таму што верылі: такі жылец можа папярэдзіць пра няшчасце і нават дапамагчы знайсці скарб.
У хаце вуж жыў звычайна пад печчу. Раней, калі дзяцей саджалі снедаць на падлогу, ён мог выпаўзаць і есці з імі з адной міскі. Малыя гулялі з ім і вуж ніколі іх не крыўдзіў.
Жылі вужы і ў хляве, дзе нават маглі піць малако прама з каровінага вымя. Іх ні ў якім разе не праганялі, таму што па-перше, яны знішчалі грызуноў, якія маглі пераносіць хваробы, а па-другое, лічылася, што калі пазбавіць карову такога "сябра", у яе можа знікнуць малако.
Сыход вужа з хаты з'яўляўся перасцярогай гаспадарам пра нейкую бяду. Напрыклад, неўзабаве ў доме мог здарыцца пажар, або ў яго магла трапіць маланка.

Вужыны кароль, яго дачкі і чароўныя скарбы

Па легендах, вуж таксама мог дапамагчы гаспадару знайсці скарб. У некаторых мясцінах, калі дамашні вуж паміраў, з яго тлушчу рабілі свечку. Людзі верылі, што калі яе запаліць, з'явіцца цэлае змяінае войска на чале з Вужыным каралём, які пакажа, дзе схаваны скарб.
Зачараваныя скарбы і залаты боб на талерцы
Калі Вужынага караля давадзілася сустрэць недзе ў лесе або полі, трэба было пакласці перад ім рушнік. Тады ён нібыта запаўзе на яго і пакіне сваю залатую карону. Але часта караля суправаджала яго світа, і вось гэтыя змеі зусім не былі бяспечнымі, таму тым, хто шукае клады, раілі насіць з сабой ясеневы кій – нібыта калі ўдарыць ім па клубку змей, яны разпаўзуцца, пакінуўшы свайго караля.
Нямала паданняў існуе і пра прыгожых дачок Змяінага цара – вужалак. Яны нібыта да паловы мелі выгляд прыгожых дзяўчын з доўгімі валасамі, а замест ног у іх быў хвост. Вужалкі любілі залатыя ўпрыгожваллі, а вось вопраткі не насілі ніякай. Да чалавечых дамоў вужалкі не набліжаліся, жылі глыбока ў лесе, каля вадаёмаў. Самі дачкі Вужынага цара не робяць чалавеку ніякай шкоды, але там, дзе яны жывуць, шмат змей. Лічылася, што калі чалавек знойдзе ўпрыгожванне вужалкі, яму больш не страшныя змяіныя ўкусы.
Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы
Па легендзе, Вужалкі маглі ператварацца ў змей, а жоўтыя плямачкі па баках галавы нагадваюць залатыя завушніцы

Змей-волат і цмок-спакуснік

Існуюць на беларускіх землях паданні і пра велізарных змей, велічынёй з дом і нават больш. Па адной легендзе, у даўніну асілак змог перамагчы такога змея, парубіў яго на тры часткі і пахаваў іх асобна – так утварыліся вялікія курганы. Па іншай, людзі здолелі злавіць змея, але не забіць яго, і тады вырашылі закапаць вялізную пачвару. Але кожную раніцу яны знаходзілі зямлю раскіданай. І тады адзін чалавек узяў чорнага пеўня, запраг яго ў стары лапаць і ў ім прывёз да звязанага змея зямлі. Тры разы хадзіў ён так, і больш зямля са змея не асыпалася.
У адрозненні ад велізарнага змея (на вобраз якога, несумненна, аказала ўплыз хрысціянскае паданне пра змаганне святога Георгія з драконам), лятучы змей, цмок, мог пераўтварацца ў чалавека. Паўставаў ён звычайна ў абліччы барадатага мужчыны або прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахалася ў такога, яна неўзабаве памірала.
У абліччы змея цмока ўяўлялі велізарным, памерам з дом, да таго ж, у яго магло быць шмат галоў – некаторыя легенды налічвалі да 12.
Свайму гаспадару цмок прыносіў багацце, але гэтыя грошы лічыліся нешчаслівымі. Часта цмок увогуле асацыюецца з вобразам чорта або Люцыфера, які ненавідзіць усе божыя стварэнні. Падчас навальніцы цмок хаваецца ў дупле старога дуба, таму маланка святога Пятра часцей за ўсё трапляе менавіта ў гэта дрэва.