МІНСК, 6 кас - Sputnik. Каля 350 прапаноў па змяненні Канстытуцыі краіны ўнеслі беларусы ўсяго за тры дні, пра гэта паведаміў дэпутат, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Свіла ў эфіры тэлеканала СТБ.
Нагадаем, 2 кастрычніка Палата прадстаўнікоў размясціла на сваім сайце аб'яву аб прыёме прапаноў па ўнясенні змяненняў у асноўны закон краіны. З гэтага моманту беларусы даслалі больш за тры сотні розных ідэй. Прымаць прапановы ад грамадзян працягнуць да 25 кастрычніка.
"Да абеду 5 кастрычніка ўжо было парадку 350 прапаноў ад грамадзян. Вельмі цікавыя прапановы. Вядома, яны не носяць характар строга сфармуляваных юрыдычных формул, якія бяры і выкарыстоўвай ў Канстытуцыі. Людзі пішуць і выказваюць свае жаданні. І задача парламента - апрацаваць гэта ўсё" , - растлумачыў Свіла.
Паводле яго слоў, парламент у дадзеным выпадку выступіць агрэгатарам ідэй.
"Усе прапановы, якія простыя грамадзяне накіроўваюць нам, павінны быць пэўным чынам згрупаваны, апрацаваны. Пасля павінен быць выдадзены нейкі выніковы прадукт, скажам, юрыдычнага характару. Але гэта ўжо будуць прапановы парламента", - падкрэсліў дэпутат.
Ён запэўніў, што парламентарыі абагульняць і прааналізуюць усе сабраныя матэрыялы.
"Я хацеў бы перасцерагчы ад расчараванняў тых нашых аўтараў, якія могуць не ўбачыць сваіх прапаноў. У тым ці іншым выглядзе яны будуць улічаныя пры працы і ў выніковым прадукце, натуральна, знойдуць сваё адлюстраванне", - паабяцаў Віктар Свіла.
Канстытуцыйная рэформа
Нагадаем, што раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці правесці канстытуцыйную рэформу. План правядзення рэформы будзе абмяркоўвацца на будучым Усебеларускім народным сходзе, які плануецца правесці гэтай зімой.
Як адзначаў беларускі лідар, рыхтуецца ўжо трэці варыянт праекта Канстытуцыі, паколькі два папярэднія яго не задаволілі. Лукашэнка заяўляў, што распрацоўка новага асноўнага закона краіны павінна суправаджацца выпрацоўкай адзінага бачання, якой рэспубліка павінна стаць у перспектыве.
Ідэю кіраўніка беларускай дзяржавы па правядзенні канстытуцыйнай рэформы раней падтрымаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам у верасні. Прэзідэнт Беларусі ў сваю чаргу пацвердзіў намер запусціць поўнафарматны працэс канстытуцыйных зменаў.