ЕС будзе змагацца з парушэннямі правоў чалавека ў свеце з дапамогай санкцый

Праект новага санкцыйнага рэжыму быў прадстаўлены Еўрапейскай камісіяй у панядзелак, новы рэжым дасць магчымасць прымаць меры да парушальнікаў правоў чалавека незалежна ад таго, дзе і хто дапусціў парушэнні.
Sputnik

МІНСК, 20 кас - Sputnik. Еўрапейскі саюз будзе больш эфектыўна змагацца з парушэннем правоў чалавека ва ўсім свеце з дапамогай новага санкцыйнага рэжыму, пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Жозэп Барэль.

Швейцарыя далучылася да санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі

"Правы чалавека ў свеце знаходзяцца пад пагрозай. Новы глабальны рэжым санкцыі Еўрасаюза ў сферы правоў чалавека стане магутным інструментам, які дазволіць нам караць адказных за грубыя парушэнні правоў чалавека і зневажанне гэтых правоў ва ўсім свеце. Гэта дае Еўропе магчымасць не толькі абараняць свае каштоўнасці, але і дзейнічаць", - падкрэсліў ён.

Раней Еўракамісія папярэджвала, што распрацавала праект новага рэжыму санкцый, які дазволіць ЕС у выпадку адабрэння ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да парушальнікаў правоў чалавека ў любой краіне свету. Па словах віцэ-прэзідэнта Мараша Шэўчовіча, для прыняцця санкцый трэба будзе не аднагалоснае рашэнне, а толькі большасць галасоў.

У Еўракамісіі распавялі, што новы рэжым санкцый дасць Еўрасаюзу магчымасць прымаць меры да парушальнікаў правоў чалавека незалежна ад таго, дзе і хто дапусціў парушэнні.

"Гэты рэжым прадугледжвае замарожванне актываў, забарону на паездкі на тэрыторыю ЕС", - растлумачылі ў ЕК.

Адсочваць захаванне санкцый будзе Еўракамісія, а не дзяржавы-члены ЕС, як гэта прынята ў дачыненні да іншых абмежавальных мер.

Прыняцце новага санкцыйнага рэжыму пры гэтым не азначае адмену ўжо дзеючых абмежаванняў, прынятых з-за парушэння правоў чалавека ў Беларусі, Венесуэле і Сірыі.

Пасля абмеркавання праекта дакумента краіны Еўрасаюза павінны будуць зацвердзіць новы рэжым. Пасля ўступлення ў сілу новага механізма члены ЕС змогуць складаць спісы фізічных асоб і арганізацый, якія, на іх думку, датычныя да парушэнняў правоў чалавека ў той ці іншай краіне. Пасля таго, як санкцыі будуць адобраны большасцю, выконваць іх будуць абавязаныя ўсе дзяржавы-сябры Еўрасаюза.

Дзейсныя санкцыі

Выбары прэзідэнта прайшлі ў Беларусі 9 жніўня. Па дадзеных ЦВК, Аляксандр Лукашэнка набраў больш за 80% галасоў выбаршчыкаў, на другім месцы апынулася Святлана Ціханоўская, якая набрала крыху больш за 10% галасоў. У дзень выбараў у краіне пачаліся акцыі пратэсту нязгодных з вынікамі выбараў, якія доўжацца да гэтага часу. Пратэстоўцаў з ужываннем сілы не раз разганялі сілавікі.

Краіны Еўропы асудзілі дзеяньні беларускіх уладаў. На пачатку кастрычніка Еўрасаюз ва ўласным Афіцыйным часопісе апублікаваў спіс з 44 беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя персанальныя санкцыі. У яго, у прыватнасці, увайшлі кіраўнік МУС Юрый Караеў і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Сам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дадзены спіс не быў уключаны.

На мінулым тыдні стала вядома, што Еўрасаюз гатовы ўвесці санкцыі супраць прэзідэнта Беларусі, калі сітуацыя ў рэспубліцы не зменіцца.