Лукашэнка расказаў, калі пачнецца падрыхтоўка Усебеларускага сходу

У Палацы Незалежнасці сабраўся ўвесь беларускі ўладны істэблішмэнт, каб абмеркаваць тры блокі актуальных пытанняў, куды ўваходзіць эканоміка, палітыка і бяспека.
Sputnik

МІНСК, 21 кас - Sputnik. На Усебеларускім сходзе ў канцы гэтага года будуць вызначаны задачы па развіцці краіны на будучую пяцігодку, распавёў прэзідэнт Беларусі падчас нарады па актуальных пытаннях з чыноўнікамі.

Рэчыц: Усебеларускі сход трэба надзяліць канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі

У Палацы Незалежнасці сёння сабраліся прадстаўнікі ўрада, парламента, Вярхоўнага суда, адміністрацыі прэзідэнта, абласцей і горада Мінска, сілавых ведамстваў, міністэрства аховы здароўя.

"Традыцыйна сёння ў нас нарада па актуальных бягучых пытаннях. Тры блока праблем або пытанняў, якія мы павінны разгледзець", - растлумачыў прычыны нарады Аляксандр Лукашэнка, яго цытуе БелТА.

Паводле яго слоў, з дакладам па блоку эканомікі і фінансаў выступіць прэм'ер Раман Галоўчанка. Палітычную павестку асветліць кіраўнік адміністрацыі Юры Сергяенка. Пытанні грамадскай бяспекі стануць прадметам дакладу сакратара Савета бяспекі Валерыя Вакульчыка.

Беларускі лідар адзначыў, што напярэдадні савет міністраў абмяркоўваў перспектывы развіцця краіны на будучы год, а таксама пытанні фарміравання бюджэту. Гэтыя пытанні дэталёва будуць абмяркоўвацца ўжо ў лістападзе.

"А ў снежні, я мяркую, мы вернемся да пытанняў падрыхтоўкі Усебеларускага народнага сходу, дзе вызначым задачы развіцця нашай краіны на пяцігодку. І там разгледзім ўжо глабальныя пытанні развіцця нашай дзяржавы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Народнае Веча

Чарговы Усебеларускі сход стане ўжо шостым па ліку. Першы сход адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 года ў Мінску. Тады ў беларускай сталіцы яшчэ не было вялікіх пляцовак, таму месцам правядзення стаў Палац спорту. На сходзе абмяркоўваліся папраўкі ў Канстытуцыю і правядзенне рэферэндуму, які пасля заклаў аснову дзеючай палітычнай сістэмы.

Папярэдні пяты Усебеларускі сход адбыўся 22-23 чэрвеня 2016 года. На абмеркаванне дэлегатаў выносілася праграма чарговай пяцігодкі на 2016-2020 гады. Галоўнай мэтай тады абвясцілі павышэнне ўзроўню жыцця беларусаў. Усё гэта меркавалася рабіць пры дапамозе інвестыцый, росту занятасці і экспарту.

Шосты Усебеларускі народны сход плануецца правесці ў снежні 2020 года, і на ім, хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўвацца чарговыя папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі. Мяркуецца, што рэформа можа змяніць баланс размеркавання ўладных паўнамоцтваў у рэспубліцы, але прапановы па папраўках яшчэ збіраюцца па ўсёй краіне.

Чытайце таксама: