МІНСК, 21 кас - Sputnik. Тэрмін следства па крымінальнай справе супраць беларускага апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца падоўжаны яшчэ на 2 месяцы - да 20 снежня. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Севярынец.
"Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін следства яшчэ на 2 месяцы да 20 снежня", - напісала яна на асабістай старонцы ў Facebook.
Адвакату пра падаўжэнне следства не паведамілі, дадала жонка палітыка. "Паша напісаў у лісце, проста выклікалі, зачыталі", удакладніла яна.
Пра затрыманне апазіцыянера стала вядома 7 чэрвеня, падставай стаў удзел у несанкцыянаваных акцыях, яму некалькі разоў падаўжалі тэрмін арышту - сумарна да 75 сутак. Таксама за ім лічыліся неадбытыя прызначаныя раней 30 сутак арышту за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з РФ.
Затым палітыку было падоўжана ўтрыманне пад вартай.
20 жніўня следчыя распачалі супраць яго крымінальную справу, пра гэта таксама паведаміла жонка Севярынца. Як удакладніў адвакат палітыка, крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі - за масавыя беспарадкі.
Севярынец не ў першы раз трапляе пад следства па артыкуле за ўдзел ці арганізацыю масавых беспарадкаў, несанкцыянаваных вулічных акцый або хуліганства. Яго лічаць апазіцыйным "вулічным палітыкам" з-за актыўнага ўдзелу ў розных шэсцях. Ён не адзін раз быў за гэта прысуджаны да пазбаўлення волі, адбываў тэрмін.