МІНСК, 21 кас - Sputnik. Замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства, што едуць транзітам праз Беларусь, змогуць не прад'яўляць на мяжы даведку аб адсутнасці COVID-19, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце. Таксама ім не спатрэбіцца дзесяцідзённая самаізаляцыя.
Новаўвядзенне ўступіць у сілу 22 кастрычніка ў 00:00.
"Для таго, каб гэта стала магчымым, таму, хто праязджае, неабходна дакументальна пацвердзіць 24-гадзінны транзіт праз тэрыторыю Беларусі", - растлумачылі ў ведамстве.
Дакументамі, якія можна прад'явіць для пацвярджэння транзіту, могуць быць, да прыкладу, квіткі, транзітная віза, афіцыйнае запрашэнне арганізацыі ў краіне накіравання, пуцёўкі ў аздараўленчыя ўстанову.
Калі такіх дакументаў няма, замежнікі ўсё ж не губляюць магчымасці ўехаць у Беларусь без даведкі і абыходзячы рэжым самаізаляцыі. Аднак ім памежнікі будуць выдаваць анкету, у якой госць краіны павінен пакінуць запіс: "транзіт праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у тэрмін не больш за 24 гадзіны". Гэтую анкету варта захаваць, а пры выездзе з Беларусі аддаць яе памежніку.
Тыя, хто за 24 гадзіны не паспее ажыццявіць транзіт для выезду з краіны, будуць абавязаны прад'явіць на мяжы дакумент, які пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на інфекцыю COVID-19. Для таго, каб атрымаць дакумент, можна будзе звярнуцца ў тэрытарыяльныя арганізацыі аховы здароўя.