Беларусь зацікаўлена ў выніковым ўзаемадзеянні з ЕС

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі і Аўстрыі ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Sputnik

МІНСК, 26 кас - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў Аўстрыі віншаванні з Нацыянальным днём краіны, паведамілі Sputnik у прэс-службе прэзідэнта.

Еўрапарламент заклікаў ЕС перагледзець адносіны з Беларуссю

"Беларусь зацікаўлена ў далейшым пашырэнні двухбаковых сувязяў і разлічвае на больш выніковае ўзаемадзеянне ў мэтах падтрымання дыялогу з Еўрапейскім саюзам", - адзначыў Лукашэнка ў віншаванні Федэральнаму прэзідэнту Аўстрыйскай Рэспублікі Аляксандру Ван дэр Белену.

Беларускі лідар лічыць, што перамовы, якія адбыліся ў час яго афіцыйнага візіту ў Вену, прайшлі канструктыўна і шчыра. На думку Лукашэнкі, у дзвюх краін ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што ў цяперашніх няпростых умовах краіны не павінны страціць прынятыя пагадненні. "Мы заўсёды вельмі адказна падыходзілі да выканання дасягнутых дамоўленасцяў. Сведчаннем гэтага з'яўляецца усталяваны ў Трасцянцы мемарыял, розныя інвестыцыйныя праекты, шматгадовыя гуманітарныя сувязі і кантакты паміж беларусамі і аўстрыйцамі", - гаворыцца ў віншаванні.

Федэральнаму прэзідэнту Аляксандру Ван дэр Белену Лукашэнка пажадаў моцнага здароўя і плённай дзяржаўнай дзейнасці, а жыхарам Аўстрыі - міру і згоды.