Прэм'ер Беларусі агучыў даты правядзення Усебеларускага народнага сходу

Маштабны рэспубліканскі форум збярэцца ўжо ў шосты раз, каб вызначыць важнейшыя напрамкі развіцця краіны на бліжэйшую перспектыву.
Sputnik

МІНСК, 27 кас - Sputnik. На Усебеларускім народным сходзе будуць выдзелены два найважнейшых блокі пытанняў, паведаміў журналістам прэм'ер Беларусі Раман Галоўчанка па выніках нарады ў прэзідэнта.

Паводле яго слоў, у хуткім часе будзе падрыхтавана распараджэнне кіраўніка дзяржавы аб фарміраванні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні "народнага форуму". Пасля гэтага на вышэйшы ўзровень будуць вынесены на абмеркаванне тэрміны правядзення, тэматыка і фармат.

"Мы разлічваем, што яно адбудзецца на пачатку 2021, магчыма, у студзені, лютым", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Плюралізм меркаванняў

На Усебеларускім народным сходзе плануецца вылучыць два асноўныя блокі пытанняў для абмеркавання, гэта будуць сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё дзяржавы.

Лукашэнка - аб Усебеларускім народным сходзе і тэрарыстычных пагрозах

"Мы ўжо цяпер бачым, што не ўсе задачы, якія ставіліся (на гэтую пяцігодку - Sputnik), атрымалася выканаць. Дзесьці мы змаглі ўжо зараз перавыканаць даведзеныя задачы (я маю на ўвазе ў эканоміцы), дзесьці пакуль не вельмі атрымалася", - прызнаў Галоўчанка.

Пасля чаго дадаў, што ў сувязі з гэтым беларускі прэзідэнт даў даручэнне ўсё прааналізаваць і вызначыць неабходныя механізмы, каб у наступнай пяцігодцы прадэманстраваць тэмпы росту эканомікі, якія ўразяць.

Кіраўнік урада лічыць, што ключавой адзнакай Усебеларускага сходу ў гэты раз будзе абмеркаванне грамадскіх і палітычных аспектаў развіцця Беларусі. Прапановы, агучаныя на ініцыяваных ўладамі дыялогавых пляцоўках, будуць акумуляваныя аргкамітэтам.

Такім чынам, беларускія ўлады разлічваюць стварыць "глебу для абмеркавання магчымых пытанняў мадэрнізацыі грамадска-палітычнай сістэмы Беларусі".

"Плюралізм меркаванняў, прадстаўніцтва розных сацыяльных груп на Усебеларускім народным сходзе - гэта аснова, каб яно было паспяховым і выніковым", - сказаў прэм'ер-міністр.