МІНСК, 29 кас - Sputnik. Сярод усіх тых, хто захварэў на каронавірус на школьнікаў прыпадае каля 10%, у асноўным дзеці пераносяць інфекцыю ў лёгкай ці бессімптомнай форме, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
"Што тычыцца каронавіруснай інфекцыі, школьнікі складаюць у сярэднім 10% з ліку ўсіх тых, хто захварэў. Таму казаць пра тое, што цяпер на школьнікаў прыпадае асноўная маса тых, хто захварэў на каронавірус, не выпадае", - перадае БелТА словы начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан.
Нагадаем, што яшчэ перад пачаткам навучальнага года Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала шэраг метадычных рэкамендацый па арганізацыі навучальнага працэсу для таго, каб мінімізаваць рызыкі распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.
У прыватнасці, рэкамендуецца арганізоўваць вучобу, выконваючы прынцыпы сацыяльнага дыстанцыравання, перагледзець пачатак і заканчэнне змен, па магчымасці павялічыць працягласць перапынкаў, а таксама максімальна падзяліць патокі вучняў у сталовых, падчас масавых мерапрыемстваў, абмежаваць бацькоўскія сходы, асабістыя сустрэчы з бацькамі, нарады, а настаўнікам рэкамендуецца насіць маскі.
Нагадаем, што, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на сераду 28 кастрычніка прырост тых, хто захварэў COVID-19 за апошнія суткі склаў 936 чалавек.