МІНСК, 30 кас - Sputnik. "Мінсктранс" часова прыпыніў выкананне міжнародных аўтобусных рэйсаў з-за закрыцця мяжы, пра гэта папярэдзілі пасажыраў на прадпрыемстве.
"У сувязі з абмежаваннем на ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з 29 кастрычніка з 19:00 часова прыпынена выкананне рэйсаў па міжнародных маршрутах", - распавялі ў "Мінсктрансе".
У другой палове дня ў мінулы чацвер у сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя, што памежнікі перасталі пускаць у Беларусь грамадзян рэспублікі і замежнікаў без тлумачэння прычын. Цяжкасці з перасячэннем мяжы былі на літоўскім, польскі і мўкраінскім напрамках.
Увечары ў чацвер у Дзяржпагранкамітэце паведамілі, што гэтыя меры выкліканыя пандэміяй каронавіруса.
"У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай у сумежных краінах Рэспубліка Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фiзiчных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны", - растлумачылі ў ведамстве.
Па-ранейшаму без праблем змогуць праязджаць супрацоўнікі дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў з дыпламатычнымі і службовымі пашпартамі, кіроўцы-міжнароднікі, а таксама члены цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнароднага ж/д-паведамлення. Без абмежаванняў трапіць у Беларусь можна будзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Нагадаем, у чацвер 29 кастрычніка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што варта зачыніць мяжу, не зрабіўшы яе пры гэтым "жалезнай заслонай". Раней ён не бачыў неабходнасці ў прымяненні такіх мер, а ў сакавіку назваў абмежавальныя меры суседніх дзяржаў "несусветным глупствам".