МІНСК, 30 кас - Sputnik. Усе беларускія ўдзельнікі пострэгістрацыйных даследаванняў расійскай вакцыны супраць каронавіруснай інфекцыі "Спутник V", якія атрымалі першы кампанент прэпарата, адчуваюць сябе здавальняюча, паведамілі ў пятніцу ў міністэрстве аховы здароўя рэспублікі.
"Усяго скрынінг прайшлі 109 пацыентаў, з іх вакцынаваныя - 100 чалавек", - гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Спецыялісты расказалі, што 9 пацыентаў не прайшлі скрынінг па розных прычынах: станоўчыя аналізы на COVID-19 (у тым ліку наяўнасць антыцелаў), падвышаная тэмпература на момант рандамізацыі і г.д.
У даследаваннях удзельнічаюць мінскія паліклінікі №4 (20 пацыентаў), №5 (20 пацыентаў), №14 (28 пацыентаў), №28 (32 пацыента). Праз 21 дзень пасля першага ўвядзення прэпарата яны атрымаюць другі кампанент.
За ўсімі добраахвотнікамі будзе весціся назіранне на працягу 180 дзён з моманту першай вакцынацыі. Спецыялісты пры гэтым ацэньваюць эпідэміялагічную эфектыўнасць, імунагеннасць і бяспеку вакцыны.
Нагадаем, жаданне ўдзельнічаць у выпрабаваннях выказалі каля чатырох тысяч беларусаў. Добраахвотнікам пачалі ўводзіць расійскі прэпарат 1 кастрычніка.