МІНСК, 9 ліс - Sputnik. Прыватны бізнес займае ў аб'ёме валавога ўнутранага прадукту Беларусі больш за 50%, паведаміў прэм'ер-міністр краіны Раман Галоўчанка.
Кіраўнік урада адзначыў, што прыватны бізнес у рэспубліцы вырас "не на хвалі прыватызацыі" ў смутныя часы на базе захопу дзяржуласнасці.
"Гэта энергічныя, прадпрымальныя людзі, якія пабудавалі бізнес, абапіраючыся на свой талент, веды, намаганні", - сказаў Галоўчанка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Паводле слоў прэм'ера, у першым паўгоддзі 2020 года сярэдні індывідуальны прадпрымальнік плаціў у месяц каля 200 рублёў падаткаў.
"Мне здаецца, гэта цалкам пад'ёмная лічба для індывідуальнага прадпрымальніка", - сказаў Галоўчанка і дадаў, што ў Беларусі падаходны падатак - адзін з самых нізкіх у Еўропе.