МІНСК, 23 ліс - Sputnik. Беларусь з глыбокім шкадаваннем успрыняла рашэнне амерыканскага боку пра выхад з Дамовы па адкрытым небе, гаворыцца ў паведамленні міністэрства замежных спраў.
Дзеючы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў 21 мая аб намеры выйсці з Дамовы па адкрытым небе. Пагадненне прадугледжвала магчымасць здзяйснення палётаў авіяцыі над тэрыторыяй краін, каб назіраць за ваеннай дзейнасцю.
Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў сваю чаргу растлумачыў, што рашэнне ўступае ў сілу праз шэсць месяцаў, 22 лістапада. У Белым доме сваё рашэнне матывавалі парушэннямі пагаднення з боку Расіі, якія нібыта мелі месца.
Пры гэтым афіцыйная Масква адхіляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас і заяўляе аб прыхільнасці літары і духу дамовы, а таксама выказвае зацікаўленасць у яе захаванні.
Адкрытае неба над Мінскам
У беларускім знешнепалітычным ведамстве нагадалі, што гэты дагавор быў распрацаваны па ініцыятыве Злучаных Штатаў пасля заканчэння халоднай вайны. Пагадненне з'яўляецца "адным з найбольш значных і эфектыўна дзеючых юрыдычна абавязваючых ваенна-палітычных механізмаў на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока".
Дамова па адкрытым небе "забяспечвае беспрэцэдэнтны ўзровень транспарэнтнасці і прадказальнасці паміж дзяржавамі-удзельнікамі ў ваеннай сферы".
У МЗС адзначылі, што выхад Вашынгтона з пагаднення "прывядзе да далейшага росту недаверу і ваенна-палітычнай напружанасці". Пры гэтым будзе нанесены сур'ёзны ўрон архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі і кантролю над узбраеннямі.
"Разлічваем, што амерыканскае кіраўніцтва праявіць палітычную мудрасць, і гэта рашэнне будзе перагледжана ў бліжэйшы час. Перакананыя, што вяртанне ЗША ў супольнасць "адкрытага неба" не толькі ўмацуе бяспеку ўсіх дзяржаў-удзельніц ДАН, але і станоўча адаб'ецца на аднаўленні атмасферы даверу на еўраатлантычнай прасторы", - падкрэслілі ў беларускім ведамстве.
Негатыўныя наступствы
"З выхадам ЗША сам па сабе дагавор, вядома ж, страціць сваю жыццяздольнасць", - канстатаваў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Паводле яго слоў, расійскі бок выказвае сваё шкадаванне ў сувязі з гэтым, таму што ў Маскве лічаць дамову "вельмі важным звяном у цэлым у справе ўмацавання ўзаемнага даверу, у плане кантролю над узбраеннямі".
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна нагадаў, што Расія "з самага пачатку, яшчэ калі ЗША заявілі пра намер выйсці з гэтага дакумента" казала, "што такі крок будзе мець негатыўныя наступствы".