МІНСК, 30 ліс - Sputnik. Разліковая норма працоўнага часу на 2021 год устаноўлена ў Беларусі. Яна зацверджана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны №103 ад 20 лістапада 2020 года, паведаміла прэс-служба профільнага ведамства ў панядзелак.
Разліковая норма працоўнага часу для пяцідзённага працоўнага тыдня з выхаднымі днямі ў суботу і нядзелю на будучы год складзе 2050 гадзін, а для шасцідзённага працоўнага тыдня - 2031 гадзіну (выхадны - нядзеля).
"Асноўная прычына гэтай розніцы заключаецца ў тым, што ў 2021 годзе чатыры непрацоўныя святочныя дні (2 студзеня, 1 мая, 3 ліпеня і 25 снежня) прыпадаюць на суботу", - растлумачылі ў прэс-службе, адзначыўшы, што такая ж сітуацыя складвалася ў 2009, 2010, 2015 і 2020 гадах.
Гэтая норма ўстаноўлена пры ўмове, што працягласць працоўнага часу складзе 40 гадзін у тыдзень.
У арганізацыях, дзе прадугледжаны іншыя рэжымы працы, наймальнік самастойна разлічвае норму працоўнага часу каляндарнага года.
А колькі ў гэтым годзе?
Разліковая норма працоўнага дня ў 2020 годзе пры пяцідзённым тыдні склала 2032 гадзіны, шасцідзённым - 2026 гадзін.