МІНСК, 11 сне - Sputnik. Масачны рэжым у сталіцы можа дзейнічаць яшчэ некалькі месяцаў, пра гэта заявіла галоўны санітарны ўрач горада Святлана Ярмак.
Яна патлумачыла, што ўведзеныя меры абгрунтаваныя і павінны знізіць захворванне каронавірусам. Таму маскі трэба будзе насіць яшчэ ў бліжэйшы час.
"У бліжэйшыя некалькі месяцаў прыйдзецца выконваць такі строгі прафілактычны рэжым", - прыводзіць БелТА словы Ярмак.
Акрамя таго, у краіне вядзецца актыўная інфармацыйная праца, як гэта рэкамендуе рабіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Санітарныя службы сталіцы таксама рэкамендуюць навагоднія святы правесці ў коле сям'і.
Абавязковы масачны рэжым быў уведзены ў Мінску 12 лістапада. Сталіца стала 17-й адміністрацыйнай адзінкай, дзе былі прынятыя такія меры.
З 18 лістапада абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах увялі па ўсёй Беларусі. Штрафы за яго парушэнне пакуль не прадугледжаны.
Раней Міністэрства аховы здароўя распавяло, што насіць маскі беларусам прыйдзецца да таго часу, пакуль не скончыцца эпідэмічны працэс. Гэта мера можа дзейнічаць аж да чэрвеня.
Выконваюць рэжым на 95%
Як распавяла Святлана Ярмак, у сталіцы масачны рэжым выконваюць амаль усе: у 95% крам і 93% аб'ектаў грамадскага харчавання з маскамі усё ў парадку. Усё менш знаходзіцца парушальнікаў і сярод персаналу, і сярод наведвальнікаў. Праверкі на ўсіх аб'ектах горада праводзяцца штотыдзень.
"За мінулы тыдзень працэнт невыкарыстання масак на аб'ектах гандлю склаў недзе 5% (тыднем раней - 9%), знізілася колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання, дзе парушаюць масачны рэжым: дзесьці з 9% да 7%", - распавяла галоўны санітарны ўрач сталіцы.
Адказна ставяцца да такіх супрацьэпідэмічных мераў таксама наведвальнікі банкаў і пошты.
Санслужба выказала надзею, што людзі і далей будуць прытрымлівацца неабходных рэкамендацый: выконваць дыстанцыю, карыстацца антысептыкамі і насіць маскі ў грамадскіх месцах.
"Прафілактычныя мерапрыемствы трэба выконваць, таму што каронавірусная інфекцыя COVID-19 новая, да канца яшчэ не вывучаная. І ніхто не ведае, як яна павядзе сябе далей. Таму меры прафілактыкі застаюцца актуальнымі", - дадала Ярмак.