Зноў па пяцьсот: Белстат назваў сярэдні заробак беларусаў за лістапад

У параўнанні з кастрычнікам сярэдні даход у Беларусі павялічыўся на 15,5 рубля. Пры гэтым у доларавым эквіваленце ён не змяніўся.
Sputnik

МІНСК, 24 сне - Sputnik. Сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе склаў 1300,5 рубля, такія дадзеныя апублікаваў у чацвер Белстат.

У параўнанні з кастрычнікам сярэдні даход у Беларусі павялічыўся на 15,5 рубля. Пры гэтым у доларавым эквіваленце ён не змяніўся і склаў 503 даляра па бягучым курсе Нацбанка.

Паказчыкі па рэгіёнах

Першае месца па ўзроўні заробкаў традыцыйна займае Мінск: тут сярэдні паказчык склаў 1839,3 рубля.

Далей ідуць вобласці (у парадку змяншэння):

  • Мінская - 1297,4
  • Гомельская - 1141,5
  • Гродзенская - 1128,4
  • Брэсцкая - 1117,7
  • Віцебская - 1080
  • Магілёўская - 1065,2

... і сферах дзейнасці

Больш за ўсё атрымлівалі тыя, хто працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій і заняты дзейнасцю ў галіне інфармацыйнага абслугоўвання (5601,6 рубля). Другое месца - у дзейнасці паветранага транспарту (2394,4 рубля, у тым ліку грузавога - 3243,9 рубля), на трэцім - дапаможная дзейнасць у сферы фінансавых паслуг і страхавання (2286,9 рубля). Высокія заробкі таксама ў занятых на вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі (2023,8 рубля), у горназдабыўной прамысловасці (2164,2 рубля), на вытворчасці хімічных прадуктаў (2285,3 рубля).

Ніжэй за ўсё заробкі ў работнікаў салонаў прыгажосці і цырульняў (588,7 рубля), занятых у сферы творчай дзейнасці і забаў (701,7 рубля), работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў і іншых устаноў у галіне культуры (717,6 рубля).

Раней Мінэканомікі заяўляла, што ў параўнанні з мінулым годам даходы беларусаў выраслі на 8%, а Белстат адзначаў рост наяўных даходаў беларусаў - за 10 месяцаў яны выраслі на 4,6%.

У аўторак стала вядома, што з 1 студзеня 2021 года будзе павышаны памер мінімальнага заробку: ён будзе складаць 400 рублёў. Акрамя таго, у бюджэт закладзена павелічэнне аплаты працы для шэрагу катэгорый бюджэтнікаў.