Дэкрэтны адпачынак лепш не скарачаць, але калі ўжо вельмі трэба, то перш варта забяспечыць юных беларусаў дастатковай колькасцю месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, так лічаць беларускі. Той жа пазіцыі прытрымліваецца і міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У гэтым годзе яна дапусціла, што ў будучыні трохгадовы дэкрэт для маладых мам скароцяць.
"Вядома, трэба развіваць паслугі па доглядзе за дзецьмі ранняга ўзросту. І калі мы выйдзем на адпаведны ўзровень развіцця гэтых паслуг, толькі тады будзе прымацца гэтая мера", - сказала Касцевіч.
Карэспандэнты Sputnik выйшлі на вуліцы Мінска, каб даведацца, што пра патэнцыйныя меры думаюць беларускі. І сутыкнуліся з даволі-такі адназначным поглядам на праблему: дайце жанчыне прабыць у дэкрэце неабходныя тры гады. А ўжо калі яна захоча выйсці на працу крыху раней, то самастойна прыме гэтае рашэнне.
Некаторыя з апытаных прызнаюць - калі б фінансавае становішча дазваляла адседзець у дэкрэце ўсе тры гады, то жанчыны і не рваліся б вярнуцца на свае працоўныя месцы.
Адна з апытаных працуе ў дзіцячым садзе і прызнае - нават цяпер месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі не заўсёды хапае. Што будзе, калі мамам давядзецца выходзіць на працу яшчэ раней? Трэба перш заняцца развіццём паслуг у гэтай сферы, і толькі пасля скарачаць дэкрэты.
А хтосьці проста лічыць, што дзіця заслугоўвае магчымасці правесці з мамай як мага больш часу ў сваім самым юным узросце.
Гэта не першы раз, калі ў Беларусі задумваюцца аб скарачэнні дэкрэтнага адпачынку. І не першы раз, калі Sputnik цікавіцца меркаваннем мінчан па гэтай тэме. Мы ўспомнілі, што адказвалі беларускі на наша пытанне аб дэкрэце пяць гадоў таму.
Глядзіце, ці змяніліся меркаванні. А што вы самі думаеце пра скарачэнне дэкрэта?