Шакаладныя, малінавыя, міндальныя - старажытныя рэцэпты пернікаў

Пернікі - папулярны пачастунак на Новы год і Каляды. Глядзіце, якія рэцэпты знайшоў для вас Sputnik у кнізе, якая ўбачыла свет больша за 150 гадоў таму.
Sputnik

Кніга Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням, або Сродак да памяншэння расходаў у хатняй гаспадарцы", якая змяшчае да 1500 рэцэптаў і каштоўных парад, убачыла свет амаль 160 гадоў таму. Sputnik працягвае рыхтавацца да надыходзячых святаў і гартаць старонкі старога выдання. 

І сыты, і п'яны: гэтыя супы можна ў пост – і яны вас здзівяць!

Рознакаляровыя пернікі - адзін з любімых пачастункаў з маленства. Прыгатаваць іх досыць проста, а калі здаецца, што цукру ў рэцэпце занадта многа, можна смела паменьшыць колькасць удвая, але тады, магчыма, прыдзецца дадаць больш мукі, каб цеста не было вадкім. Колькасць інгрыдыентаў прыводзіцца па кнізе, таму той, хто хоча прыгатаваць не вельмі шмат пернікаў, можа прапарцыянальна паменьшыць іх колькасць.

Пернікі з жытняй мукі

6 шклянак мёду падсмажыць да чырвані, часам адстаўляючы рондаль, каб зняць шумавінне. Усыпаць 7,5 шклянак жытняй мукі, дадаць па гусце гваздзіку, імбір і аніс і вараную апельсінавую цэдру. Усё гэта заварыць кіпячым мёдам і уліць крыху менш за палову шклянкі спірту, усыпаць палову чайнай лыжкі буйной солі. Вымесіць цеста лапаткай або рукамі, пакуль не пачне адставаць ад іх. Скруціць тонкія доўгія палоскі, выкласці на пасыпаную мукой бляху і запякаць на невысокай тэмпературы, пакуль не пачырванеюць.

Пернікі шакаладныя

450 г цукру развесці няпоўнай шклянкай вады, дадаць 1,5 шклянкі мёду, варыць у вялікім рондалі. Дадаць 15 г буйной солі, трохі карыцы, кардамону, гваздзікі, перцу і 150 г міндаля, дробна насечанага разам са скуркай. Зняўшы з агню, усыпаць 700 г мукі, вымесіць цеста, раскачаць, нарэзаць фігуркі і печ пры нізкай тэмпературы, пакуль не пачырванеюць.

Для глазуры ўзяць 700 г цукру, закіпяціць з невялікай колькасцю вады пакуль сіроп не будзе цягнуцца. Усыпаць 230 г цёртага шакаладу, размяшаць, намазаць гэтай масай адзін бок пернікаў, падсушыць у духоўцы, гэтак жа паступіць з другім.

Шакаладныя, малінавыя, міндальныя - старажытныя рэцэпты пернікаў

Пернікі міндальныя

450 г салодкага і 100 г горкага міндаля абварыць кіпенем, ачысціць, абліць халоднай вадой, дробна нарэзаць. У 230 г цукровага пяску дадаць 10 г тоўчанай гваздзікі ці кардамона, змяшаць, усыпаць у міндаль, таўчы разам, не падліваючы вады. Калі маса зробіцца клейкай, раскласці ў маленькія формачкі і запекчы ў не занадта гарачай духоўцы.

Пернікі тарунскія

6 шклянак мёду падсмажыць да чырвані, зняць шумавінне, адставіць, уліць патроху ¾ шклянкі спірту, мяшаць, каб не ўспыхнула, усыпаць ¾ шклянкі зваранай і дробна нарэзанай апельсінавай цэдры. Дадаць па 5 г гваздзікі, імбіра, перцу, 10 г аніса і сушеного кропу, размяшчаць і адразу гэтым гарачым мёдам заліць 9 шклянак прасеянай і злёгку падсмажанай жытняй мукі. Мяшаць, пакуль маса не пачне бялець (лепш скарыстацца міксерам). Перакласці цеста ў папяровыя формы, не напаўняючы іх даверху і кожны раз змочваючы рукі півам, кіпячоным з мёдам. Ім жа намазаць пернікі зверху. Паставіць на бляхі, даць цесту трохі падняцца, уторкнуць зверху міндаль і кавалачкі цукатаў, паставіць у не занадта гарачую духоўку. Захоўваць у прахалодным месцы, каб не высахлі.

Шакаладныя, малінавыя, міндальныя - старажытныя рэцэпты пернікаў

Малінавыя пернікі

Узяць колькі заўгодна сухой маліны, пакласці яе ў рондаль, абліць кіпенем, каб пакрыла ягады, закіпяціць, каб яна стала зусім мяккая. Працерці скрозь сіта. На кожную шклянку атрыманага морса пакласці шклянку мёду, закіпяціць. Стаўчы сухары з белага хлеба разам з сухой малінай, узяўшы іх пароўну, і ўсыпаць у гарачы морс з мёдам, каб атрымалася густое цеста. Паварыць яго, каб сухая маліна разварылася, раскласці аладкамі на бляху, падсушыць, пасыпаць цукрам і скласці ў слоік.