Відэа

"Цягнуць Каляду на дуб": старажытны абрад провадаў Каляд - відэа

У вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці існуе старажытны абрад провадаў Каляд "Цягнуць Каляду на дуб", які адзначаецца 21 студзеня і завяршае перыяд калядных свят. Глядзіце на відэа, як праходзіць беларускі абрад.
Sputnik

Абрад быў адноўлены ў 1998 годзе ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна дзякуючы Ніне Дзмітрыеўне Клімовіч - першай і асноўнай захавальніцы традыцыі, а таксама ўсёй яе радні.

Пачынаецца абрад такім чынам: жанчыны вёскі збіраюцца і ўпрыгожваюць сноп саломы, робяць з яго абрадавую ляльку Каляду і ставяць яе на старое кола ад ваза. А таксама вараць у чыгунку куццю.

Як на Палессі адзначалі "Шчадрэц" - відэа

Калі ёсць жанчыны, якія награшылі ў мінулым годзе, яны на ганку сякуць сякерай старыя венікі, прынесеныя з дому. Затым пруткі рассейваюць па ветры.

Пасля пад музыку выносяць ляльку Каляду і куццю. Жанчыну садзяць на саначкі, яна трымае ляльку Каляду і гаршчок з кутьёй. Цягнуць яе на саначках да дуба, які самотна стаіць у полі на краю вёскі.

На пад'ездзе да дуба жанчыну з санкамі перакульваюць у снег, каб куцця рассыпалася і ўраджай на наступны год быў багаты.

Хлопцы здымаюць з дуба леташнюю Каляду са старым колам, скідваюць уніз і спальваюць, а на дуб зацягваюць новую ляльку і куццю ў гаршку. Потым спяваюць абрадавыя песні, водзяць карагоды вакол дуба, а затым п'юць і закусваюць пад дубам.

Затым усе ідуць да месца збору, дзе адбываецца вечарына ў складчыну. На ёй танчаць, спяваюць, гуляюць у народныя гульні.

Галоўная забава - традыцыйная гульня "Ката пячы"! Да свабодна падвешанага на стужцы Ката (пірог з прэснага цеста ў выглядзе фігуры ката) трэба прыскакаць на ўхваце або качарзе і пастарацца дастаць ротам смакату і адкусіць кавалак.

Лялька Каляда або Берагіня цэлы год на дубе будзе берагчы палі і вёску ад маланак, спрыяць урадлівасці нівы і добраму ўраджаю.