Гэты абрад быў адноўлены ў 1998 годзе ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна дзякуючы Ніне Дзмітрыеўне Клімовіч - першай і асноўнай захавальніцы традыцыі, а таксама ўсёй яе радні.
Пачынаецца абрад такім чынам: 21 студзеня раніцай жанчыны вёскі збіраюцца і ўпрыгожваюць сноп саломы – робяць з яго абрадавую ляльку Каляду і ставяць яе на старое кола ад ваза. Потым вараць у чыгунку куццю.
Калі ёсць жанчыны, якія награшылі ў мінулым годзе, яны на ганку сякуць сякерай старыя венікі, прынесеныя з дому, і затым пруткі рассейваюць па ветры. Потым пад музыку выносяць ляльку Каляду і куццю.
Жанчыну сталага ўзросту садзяць на саначкі, яна трымае ляльку Каляду і гаршчок з куццёй. Цягнуць яе на саначках да дуба, які самотна стаіць у полі на краю вёскі.
На пад'ездзе да дуба жанчыну з санкамі перакульваюць у снег, каб куцця рассыпалася і ўраджай на наступны год быў багаты.
Хлопцы здымаюць з дуба леташнюю Каляду са старым колам, скідваюць уніз і спальваюць, а на дуб зацягваюць новую ляльку і куццю ў гаршку.
Потым спяваюць абрадавыя песні, водзяць карагоды вакол дуба, а затым п'юць і закусваюць пад дубам.
Усе ідуць да месца збору, дзе адбываецца сумесная вечарына ў складчыну. Танчаць, спяваюць, гуляюць у народныя гульні.
Галоўнай забавай з'яўляецца традыцыйная гульня "Ката пячы"! Да свабодна падвешанага на стужцы Ката (пірог з прэснага цеста ў выглядзе фігуры ката) трэба прыскакаць на ўхваце або качарзе і пастарацца дастаць ротам смакату і адкусіць кавалак.
Лялька Каляда або Берагіня цэлы год на дубе будзе берагчы палі і вёску ад маланак, спрыяць урадлівасці нівы і добраму ўраджаю.
Глядзіце таксама:
- Акунуцца ў палонку ў вадохрышчанскі мароз: фотаздымкі, як гэта было пад Мінскам
- Цудоўныя фотаздымкі Раства ў праваслаўных храмах
- Паглядзіце, як запальвала моладзь на Каляды ў Строчыцах