МІНСК, 3 лют – Sputnik. Ігар Чаргінец зменіць на пасадзе Анатоля Гусарава, які кіраваў беларускімі авіялініямі з 1997 года, паведамляе прэс-служба "Белавія".
Гісторыя беларускай авіякампаніі пачалася 5 сакавіка 1996 года. І практычна 25 гадоў нязменным кіраўніком заставаўся Анатоль Гусараў.
"Мы дапамагалі людзям сустракацца са сваімі блізкімі і адкрываць для сябе новыя краіны, мянялі жыццё людзей. Супрацоўнікі "Белавія" з'яўляюцца прыкладам таго, што ў гэтым свеце няма нічога немагчымага, калі побач такая каманда", - з такімі словамі напрыканцы выступіў Анатоль Гусараў.
У сваю чаргу, 54-гадовы топ-менеджэр Ігар Чаргінец запэўніў, што курс развіцця кампаніі з яго прыходам не зменіцца. "Белавія" працягне цыфравізацыю і ўкараненне тэхналогій у айчыннай авіяіндустрыі. Кампанія будзе таксама весці працу па абнаўленні паветранага флоту.
"Мы плануем абнаўляць флот за кошт найноўшага пакалення Embraer 195-E2, вядзем падрыхтоўку па набыцці самага сучаснага Boeing 737-8. Да канца бягучага года мы плануем спыніць эксплуатацыю Boeing Classic. Несумненна, мадэрнізацыя паветранага парка будзе спрыяць пашырэнню сеткі маршрутаў, адкрыццю новых напрамкаў і павелічэнню пасажырапатоку", - падкрэсліў новы кіраўнік.
Ці працягне працаваць Анатоль Гусараў, дзе і на якой пасадзе, пакуль невядома.
Чытайце таксама:
- Белавія з 19 лютага пачынае выконваць рэйсы ў Дубай
- Не толькі Масква: Беларусь і Расія аднаўляюць авіязносіны
- Мінтранс: рэгіянальныя аэрапорты могуць працаваць больш эфектыўна