Лукашэнка назваў магчымыя тэрміны правядзення рэферэндуму па Канстытуцыі

Беларускі лідэр заявіў, што новая Канстытуцыя ў рэспубліцы з'явіцца на працягу 11-12 месяцаў.
Sputnik

МІНСК, 12 лют – Sputnik. Рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Беларусі можа адбыцца ў тыя ж тэрміны, што і выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, заявіў прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў пятніцу на Усебеларускім народным сходзе (УНС).

Напярэдадні беларускі лідэр анансаваў прыняцце праекта новай Канстытуцыі на працягу 2021 года. Рэферэндум, паводле яго слоў, павінен адбыцца ў пачатку 2022-га. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Вольга Чупрыс у гутарцы з карэспандэнтам Sputnik заявіла, што на стале ў прэзідэнта - некалькі варыянтаў асноўнага закона.

У пятніцу дэлегаты УНС прынялі рэзалюцыю, з якой вынікае, што канстытуцыйная камісія да канца гэтага года распрацуе прапановы па змяненні асноўнага закона рэспублікі.

"Перакананы, што мы на новы праект Канстытуцыі да канца гэтага года выйдзем, і прымем на працягу будучых 11-12 месяцаў гэты асноўны юрыдычны дакумент на рэферэндуме. Магчыма, сумясціўшы яго прыняцце, па-мойму, там у нас мясцовыя выбары", - сказаў Лукашэнка.

Згодна з графікам на сайце ЦВК, чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі павінны прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года.

Беларускі прэзідэнт падкрэсліў, што Канстытуцыю ствараць будуць акуратна і асцярожна. "У гэтыя хвіліны нявызначанасці нашай будучыні мы як ніколі павінны быць акуратныя, асцярожныя і адзіныя. Не час сёння ламаць і крышыць", - заявіў Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што зараз не час для "сумніўных эксперыментаў". На яго думку, у пытаннях пераўтварэнняў трэба ісці, як па лёдзе, інакш можна "праваліцца і не выкарабкацца".

Нейтралітэт ў Канстытуцыі

Раней кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў, што замацаванае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. Міністр прапанаваў улічыць дадзены аспект пры працы над папраўкамі ў Асноўны Закон краіны.

Лукашэнка: незнаёмаму прэзідэнту такую канстытуцыю аддаваць нельга

Лукашэнка, каментуючы прапанову кіраўніка МЗС, заявіў, што "нейтралітэту няма". "І, шчыра кажучы, мы не праводзілі курс, цвёрда звязаны з нейтралітэтам", - сказаў ён.

"Жыццё змянялася, і мы вымушаны былі падладжвацца, мяркуючы, што нельга ўвесь час мяняць Канстытуцыю. Таму, відаць, трэба нам абмеркаваць гэтае пытанне са спецыялістамі і выкласці па-іншаму гэтыя патрабаванні", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Але перш трэба прыняць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Абмяркоўваючы яе, мы прыйдзем да канстытуцыйных змяненняў у гэтым плане", - звярнуў увагу Лукашэнка.

З тым, што адбываецца падчас Усебеларускага народнага сходу, знаёмцеся ў матэрыяле Sputnik.

Чытайце таксама: