МІНСК, 19 лют – Sputnik. Першы энергаблок БелАЭС 20 лютага будзе планава адключаны ад сеткі, паведамілі ў прэс-службе Белэнерга.
У профільным ведамстве ўдакладнілі, што "першы энергаблок БелАЭС будзе планава спынены для правядзення выпрабаванняў і рэгламентных работ у адпаведнасці з праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі".
У пачатку лютага бягучага года міністэрства энергетыкі Беларусі было вымушана аспрэчваць паведамленні аб тым, што на атамнай станцыі маюцца няспраўнасці.
Пры гэтым першы энергаблок станцыі ў студзені бягучага года ўжо адключаўся ад сеткі пасля таго, як спрацавала сістэма абароны генератара. Праз тыдзень ён зноў пачаў працаваць у штатным рэжыме.
Паводле інфармацыі беларускіх уладаў, у цяперашні час БелАЭС ідзе па графіку правядзення ўсіх неабходных работ. Дазвол на прамысловую эксплуатацыю станцыі павінен выдаць Дзяржатамнагляд.
У ведамстве запэўнілі ў ходзе спецыяльнага брыфінгу, што гатовы прыехаць на пляцоўку, калі сама станцыя і персанал будуць гатовыя да правядзення адпаведнай праверкі.
Раней афіцыйныя прадстаўнікі беларускіх уладаў запэўнівалі, што першы энергаблок Беларускай атамнай станцыі уступіць у стадыю прамысловай эксплуатацыі ў першым квартале гэтага года. У рэспубліцы для гэтага нават распрацаваны спецыяльны парадак ўводу БелАЭС ў эксплуатацыю.
Аб праекце БелАЭС
Беларусь будуе АЭС у Астраўцы па расійскім праекце "ВВЭР-1200". Ён адказвае ўсім нормам бяспекі МАГАТЭ. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў, магутнасць кожнага 1200 МВт.
Фізічны пуск першага энергаблока станцыі адбыўся 20 жніўня, а 3 лістапада яго ўключылі ў агульную энергасістэму краіны. Аднак турбіна першага блока была спынена 8 лістапада. Як запэўнілі ў Мінэнерга, гэта не паўплывала на бяспеку станцыі і графік выконваемых работ. Пасля таго, як была праведзена замена трансфарматараў напружання і выпрабаванне цеплаэнергетычнага абсталявання, першы энергаблок ўключылі ў сетку.
Першы рэактар атамнай станцыі пачаў працу на 50% сваёй магутнасці 21 снежня, на 100% магутнасць ён быў выведзены 12 студзеня.
Чытайце таксама:
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларускай АЭС
У літоўскія энергапраекты не маюць намеру пускаць кампаніі, звязаныя з БелАЭС
- НАН атрымала прапанову ад Курчатаўскага інстытута ў сферы мірнага атама