ГРОДНА, 22 лют – Sputnik. Першых пералётных птушак, якія ляцелі на зімоўку ў больш цёплыя краіны, заўважылі беларускія арнітолагі на мінулых выхадных. Вяртанне першых пералётных птушак кажа аб надыходзячай вясне і пацяпленні.
Першых крылатых мігрантаў арнітолагі бачылі на захадзе і поўдні Беларусі. Так, 20 лютага ў Бярозаўскім раёне назіралі прылёт шэрых гусей, а ў нядзелю, 21 лютага, - кнігаўкі, пад Гродна ў нядзелю таксама заўважылі пяцярых шэрых гусей, якія ляцелі ўздоўж Нёмана ў бок Літвы, а пад Брэстам арнітолаг пачуў і ўбачыў двух палявых жаўрукоў. У гэтым годзе птушкі пачалі вяртацца дадому на тры тыдні пазней, чым у мінулым.
Як паведамляюць арнітолагі, прылёт такіх птушак, як шэрыя гусі, кнігаўкі, якія лічацца блізкімі мігрантамі і зімуюць у той жа кліматычнай зоне, дзе і гняздуюцца, заўсёды лічыцца прыкметай надыходзячай вясны. Многія з іх у мінулыя больш цёплыя зімы заставаліся ў Беларусі. Але ў гэтым годзе з-за моцных маразоў многія віды блізкіх мігрантаў паляцелі на захад і поўдзень Еўропы.
Што тычыцца кнігаўкі, то яна практычна заўсёды ляціць на зімоўку ў Заходнюю Еўропу. Таму ў спецыялістаў няма сумненняў, што яны назіралі птушак, якія не зімавалі ў Беларусі.