МІНСК, 28 лют – Sputnik. Перадачу магілёўскага кафедральнага касцёла вернікам у бязвыплатнае карыстанне абмеркавалі на сустрэчы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц і апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, паведамілі ў аблвыканкаме.
Гэта адна з першых сустрэч біскупа Велікасельца з беларускімі чыноўнікамі ў новым статусе. Як раней паведамлялася, пантыфік 3 студзеня прыняў адстаўку арцыбіскупа Мінскага Тадэвуша Кандрусевіча і прызначыў генеральнага вікарыя Пінскай рымска-каталіцкай епархіі, біскупа Казіміра Велікасельца апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яшчэ ў траўні 2020 года яму споўнілася 75 гадоў, але Папа Рымскі дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі наступныя два гады.
"Падчас сустрэчы дэталёва абмяркоўвалася тэма статусу магілёўскага кафедральнага касцёла ў кантэксце перадачы яго прыхаджанам ў бязвыплатнае карыстанне", - паведамілі Sputnik у Магілёўскім абласным выканаўчым камітэце.
Там таксама адзначылі, што губернатар Заяц і біскуп Велікаселец сярод іншых абмеркавалі пытанне далейшага лёсу прыбудовы да касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.
На сустрэчы Заяц падкрэсліў, што ў рэгіёне няма рознагалоссяў на міжрэлігійнай глебе. Бакі таксама адзначылі, што асноўная місія канфесій і ўлады - "гэта служэнне народу".
Пасля сустрэчы з губернатарам Казімір Велікаселец пагутарыў з прэсай, на якой заявіў, што працуе ў Беларусі даўно і заўсёды знаходзіў агульную мову з выканаўчай уладай.
Сабор Успення Дзевы Марыі, кафедральны касцёл у Магілёве з'яўляецца помнікам архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў 1738-1752 гадах. Сабор стаіць на месцы былога кляштара кармелітаў. У 1956 годзе сабор быў зачынены, у ім размясціўся Цэнтральны гістарычны архіў БССР. У пачатку 1990-х гадоў будынак сабора быў вернуты вернікам, рэстаўрацыя ішла аж да 1994 года.
Чытайце таксама:
- Біскуп Велікаселец заняў пасаду Апостальскага адміністратара епархіі
- Кандрусевіч і Велікаселец правядуць сумесную службу
- Папа Рымскі прыняў адстаўку Тадэвуша Кандрусевіча